ТАК – пальчаткам, НЕ – роварам і самакатам: дадатковыя захады Польшчы ў змаганні з эпідэміяй


Прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі. Фота Aleksiej Witwicki / Forum

«Не хочам, каб дайшло да таго, што адбываецца ў Іспаніі ды Італіі, дзе пачынаецца падзел хворых на тых, каго варта лячыць, а каго ўжо не. Мусім усё зрабіць, каб пазбегчы найгоршага сцэнару», – аргументаваў прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі перад увядзеннем дадатковых захадаў грамадскай бяспекі дзеля нераспаўсюду каронавірусу.

«З кожным непатрэбным выхадам з дому пандэмія расцягваецца ў часе. Мы сутыкаемся з праблемамі, з якімі не сутыкаліся нашыя папярэднікі», – прамовіў прэм’ер-міністр Маравецкі. Таму ўлады просяць усіх жыхароў устрымацца ад выняткаў і больш жорстка выконваць дзейныя правілы бяспекі і ўводзяць чарговыя:

– няпоўнагадовыя могуць выходзіць на вуліцу толькі з дарослымі;

– дыстанцыя ад іншай асобы мае складаць 2 метры;

– з 10:00 да 12:00 крамы і аптэкі будуць адкрытыя толькі для асобаў старэйшых за 60 гадоў;

– унутры крамы адначасова могуць прыбываць 3 асобы на адну касу, на пошце – максімальна 2 асобы ля акенца;

– рабіць закупы можна толькі ў пальчатках;

– у крамах абавязковая дэзынфекцыя абсталявання пасля кожнага кліента (напрыклад, кнопак для ПІН-коду);

– усе хто жыве ў адным памяшканні разам з ізаляваным, маюць таксама заставацца на каранціне 2 тыдні;

– закрываюцца гатэлі і месцы начлегу (апроч установаў для ізаляцыі на каранцін і для размяшчэння працаўнікоў);

– у міжгародніх і гарадскіх аўтобусах занятаю можа быць максімум палова сядзячых месцаў;

– усе медычныя захады, не неабходныя для ратавання жыцця, робяцца другаснымі;

– грамадскія ровары і самакаты ўжываць нельга;

– зачыняюцца касметалагічныя салоны і цырульні, у выходныя не працуюць будаўнічыя крамы.

28.03.2020, Люблін.
Фота: Jacek Szydlowski / Forum

Цёплая вясновая субота 28 сакавіка паказала, што шмат людзей парушалі залатое правіла «застаньцеся ўдома». Хоць (кажучы пра цэнтральныя сталічныя вуліцы) нельга цвердзіць, што палякі масава выйшлі на шпацыр. У Варшаве людзі намагаліся не выходзіць групамі, больш за дазволеныя 2 асобы.

18.03.2020, Варшава. Фота Dudek Jerzy / Forum

Матэўш Маравецкі згадаў таксама пра магчымыя эканамічныя наступствы каронавірусу агулам для ўсяго свету:

«Некаторыя адмыслоўцы гавораць, што гэта будзе крызіс цяжэйшы за «вялікую дэпрэсію» [эканамінчы крызіс 1929-1933 гг, – заўвага «Белсату»]. Эксперты гавораць, што беспрацоўе ў ЗША можа перавысіць 30 %».

Cтан эпідэміялагічнай пагрозы ў Польшчы абвесцілі 13 сакавіка. На той момант у краіне налічвалася 64 пацверджаныя выпадкі заражэння COVID-19, адна асоба памерла. Урад абмежаваў дзейнасць гандлёвых цэнтраў, забараніў абслугоўванне на месцы ва ўсіх гастранамічных установах. Апоўначы 15 сакавіка Польшча прыпыніла міжнародныя чыгуначныя і авіязлучэнні, закрыла свае межы для ўсіх, проч сваіх грамадзянаў і некаторых катэгорыяў замежнікаў. Кожны, хто перасякае мяжу, мае абавязак самаізалявацца на 14-дзённы хатні каранцін, за парушэнне якога на пачатку прадугледжваўся штраф да PLN 5000 ($ 1200).

17.03.2020, Хэлм, Jacek Szydlowski / Forum

Ужо 24 сакавіка Урад абвесціў стан эпідэміі, які маецца трываць да 11 красавіка. Да ранейшых абмежаванняў дадаліся забарона на перасоўванні на вуліцы без важнай прычыны (даезд да працы, выхад у краму ці аптэку, выгул сабакі, валанцёрства ў змаганні з COVID-19), абмежаванне колькасці пасажыраў у грамадскім транспарце да паловы сядзячых месцаў у салоне. Таксама Урад забараніў збірацца больш за 2 чалавекі, за выняткам родзічаў, а ў Імшах дазволілі браць удзел максімальна пяці вернікам. Максімальны штраф за парушэнне каранціну павысілі да PLN 30 000 ($ 7 300). Станам на 31 сакавіка ў Польшчы налічылі 2132 выпадкі заражэння COVID-19, з якіх 7 пацыентаў выздаравелі, 31 – памёр.

Вітаўт Сіўчык, Belsat.eu

Стужка навінаў