Таццяна Манёнак: Пагадненне з Іранам можа пазітыўна паўплываць на эканоміку Беларусі


Нафта ў абмен на атамную бомбу: Іран і «шасцёрка» дамовіліся пра ядравую праграму.

2 красавіка паспяхова скончыліся шматдзённыя перамовы Тэгерану і «шасцёркі» адносна ядравай праграмы. Да 30 чэрвеня бакі маюць завершыць працу над дакументам.

Пагадненне пра скарачэнне маштабаў ядравай праграмы з Іранам азначае паступовае зняцце міжнародных санкцыяў. Перш за ўсё дамоўленасці адчыняюць дзверы для іранскай нафты, на якую Еўропа і ЗША наклалі эмбарга яшчэ ў сярэдзіне 2012 года.

Пакуль эксперты разыходзяцца ў меркаваннях, наколькі моцна ўдарыць па лідарах экспарту чорнага золата вяртанне Ірану на міжнародны рынак. На фоне ўгоды з Іранам кошт нафты маркі «Brent» ужо ўпаў больш як на 5 %.

«Калі санкцыі будуць сапраўды адмененыя, то з’яўленне дадаткова 1 мільёну барэляў на дзень акажа ўплыў на сітуацыю», – адзначае аналітык Філ Флін з «Price Futures Group».

Што чакае Беларусь, якая шчыльна звязаная з Расеяй у экспарце ды імпарце нафты?

Эканамічная аглядальніца газеты «Белорусы и рынок» Таццяна Манёнак упэўненая, што дамова з Іранам адаб’ецца на коштах нафты на сусветных рынках, у тым ліку і на Беларусі.

«Гэта дрэнна адаб’ецца і на эканоміцы Расеі і Азербайджану, якія шмат экспартуюць. Беларусь сёння здабывае 1 мільён 645 тысяч тонаў, і ўвесь гэты аб’ём экспартуе. Безумоўна, чым ніжэйшыя кошты, тым меншая валютная выручка. З іншага боку, Беларусь ёсць найбуйнейшым імпарцёрам расейскай нафты, а гэта 22 мільёны тоны нафты. Калі кошты зніжаюцца, відавочна, пры імпарце расейскай нафты нам гэта выгадна. Беларусь будзе прадаваць больш танную расейскую нафту, што добра для перапрацоўчых заводаў. Сёлета Беларусь дамовілася з Расеяй, што будзе пералічваць у свой бюджэт усё мыта ад экспарту нафтапрадуктаў, а Беларусь экспартуе каля 15 мільёнаў тон нафтапрадуктаў. Але ў гэтым годзе Беларусь страчвае ад таго, што зніжаюцца кошты на нафту, бо зніжаецца і мыта на нафтапрадукты».

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў