Мастак прыехаў у Вільню на пахаванне Каліноўскага – і стварыў серыю малюнкаў пра яго


Беларускі мастак Рыгор Таболіч падчас працы над малюнкам з Лукішскага пляцу, дзе ў сакавіку 1864 года пакаралі смерцю Кастуся Каліноўскага і яшчэ 20 паўстанцаў. Фота – Дзяніс Дзюба/«Белсат»

На ўрачыстасці пахавання паўстанцаў 1863–1864 гадоў прыехаў мастак Рыгор Таболіч, вядомы, між іншага, з таго, што ў сваіх карцінах адлюстраваў жыццёвы і творчы шлях Максіма Багдановіча. Цягам сутак у Вільні Таболіч зробіць цыкл замалёвак пра Кастуся Каліноўскага.

У Вільні халодна. На мастаку Рыгору Таболічу – цёплая зімовая куртка, але летняя кепка і лёгкія, не па сезоне, чаравікі.

Беларускія ўдзельнікі цырымоніі пахавання паўстанцаў 1863–1864 гадоў у Вільні. 22 лістапада 2019 года. Фота – Дзяніс Дзюба/«Белсат»

Прапаную спадару Рыгору зайсці пагрэцца ў кавярню, але чую: «Пасля». Таболіч перакусвае падчас пераходу з аднаго да другога «паўстанцкіх» месцаў гораду.

«Я планаваў зрабіць 12 малюнкаў пра шлях Каліноўскага. Але ў такім холадзе зрабіць гэта цяжка – на кожны малюнак сыходзіць не менш за паўгадзіны», – тлумачыць ён.

Жыхары Вільні сустракаюць жаўнераў, якія суправаджаюць труны паўстанцаў 1863–1864 гадоў на шляху на могілкі Росы. Фота – Дзяніс Дзюба/«Белсат»

У выніку мастак зробіць чатыры замалёўкі: з Лукішскага пляцу, дзе пакаралі паўстанцаў, з пляцу перад віленскай катэдрай, куды ў пятніцу перанясуць парэшткі паўстанцаў, а таксама з Вострай брамы і могілак Росы.

22 лістапада 2019 года. Ганаровая варта літоўскага і польскага войскаў суправаджае лафет з трунамі Зыгмунта Серакоўскага і Кастуся Каліноўскага каля Вострай брамы падчас цырымоніі пахавання паўстанцаў 1863–1864 гадоў. Фота – Дзяніс Дзюба/«Белсат»

«Калі маляваў Вострую браму, падыходзілі мясцовыя, зазіралі ў мой аркуш, але нічога не пыталі. Думаю, мастакі, якія малююць тут на вуліцах, для іх – нічога дзіўнага, – распавядае Таболіч. – Ад адной з жанчын даведаўся, што раней тыя, хто праходзіў пад брамай, здымалі капелюшы, нават габрэі. Такая вось пашана была да гэтай іконы».

Вынас трунаў з целамі паўстанцаў 1863–1864 гадоў з віленскай катэдры Святых Святаслава і Ўладзіслава падчас цырымоніі перапахавання 22 лістапада 2019 года. Фота – Дзяніс Дзюба/«Белсат»

Паводле Таболіча, беларускія мастакі да сёння тэму Каліноўскага да канца не раскрылі

«Увогуле я заўважыў, што Каліноўскага малююць непадобным да яго. А не трэба выдумляць: ёсць ж цудоўныя фотаздымкі, якія даюць уяўленне пра тое, як выглядаў Каліноўскі. Ён быў вельмі валявым чалавекам. Я б сказаў, што ён быў ад беларускіх мужыкоў: прыгожы, светлы твар, прамы нос, буйныя вусны, чупрына», – працягвае творца.

На просьбу ахарактарызаваць Каліноўскага адным словам, Таболіч на некалькі секундаў задумваецца.

«Калі адным словам, то змагар. Смелы, разумны. У ягоных зваротах адчуваецца неверагодная любоў на народу. Ну хто яшчэ, як ён, мог б гэтак сказаць? У нас яго любяць назваць палякам. А што палякі – чэрці? Рускі – ужо нармальна. Яны не памятаюць, што Карл Маркс немцам быў! – кажа Таболіч. – Каліноўскі – самы галоўны беларускі герой, ён першы паказаў напрамак, куды рухацца нашаму народу».

Рыгор Таболіч робіць апошнія штрыхі ў сваіх малюнках з цырымоніі перапахавання паўстанцаў 1863–1864 гадоў у адной з віленскіх кавярняў. Фота – Дзяніс Дзюба/«Белсат»

Таболіч прызнаецца, што калі пабачыў незлічоныя беларускія сцягі каля віленскай катэдры, у горле стаў ком.

«Апошнюю працу я зраблю ўжо ўдома: гэта будзе ўражанне ад сцягоў, ад свята – свята ўзнясення Каліноўскага. Усё было вельмі прыгожа, усё як трэба, – кажа Таболіч. – Гэта будзе ўжо сімвал сучаснай Беларусі».

Катэдральная плошча на малюнку Рыгора Таболіча
Лукішская плошча на малюнку Рыгора Таболіча
Капліца на могілках Росы на малюнку Рыгора Таболіча
Вострая брама на малюнку Рыгора Таболіча

«Беларусы ў гостэле, дзе я начаваў, напіліся, пачалі лаяцца, казаць, што хацелі б памяняць уладу ў краіне і ўвесь час пыталіся ў мяне, ці аддам я жыццё за Беларусь, ці прыму смерць. Я адказваў ім на гэта, што лідарам можа быць кожны чалавек, але сітуацыю трэба спрабаваць змяняць мірным шляхам. Кажу ім, што калісьці хадзіў на мітынгі, але цяпер лепш буду рабіць сваю справу. А яны: «А ты, такі-сякі, адсіджваешся!». Адная жанчына з гэтай кампаніі кажа: да вас праклянуць вашыя ўнукі, – працягвае Таболіч. – Я мастак, у мяне іншыя задачы. Узначаліць можна любы рух, але трэба ўмець працаваць».

Рыгор Таболіч з малюнкам з Лукішскага пляцу, дзе ў сакавіку 1864 года пакаралі смерцю Кастуся Каліноўскага і яшчэ 20 паўстанцаў. На фоне – касцёл Святых Якуба і Філіпа і крыж паўстанцам, адноўлены ў 2002 годзе. 21 лістапада 2019 года. Фота – Дзяніс Дзюба/«Белсат»

Сярод сучасных беларусаў мастак новых каліноўскіх не бачыць.

«Знайсці цяпер такога героя цяжка. Калі яны ёсць – мы іх не ведаем. А калі б ведалі, ім было б цяжка, бо ў іх адразу пачаліся б праблемы», – дадае ён.

Дзяніс Дзюба

Стужка навінаў