Сёння ў Менску сустрэнуцца кіраўнікі МЗС Нямеччыны, Францыі, Расеі ды Украіны


ministry

Кіраўнікі МЗС «нармандскай чацвёркі»

Ініцыятарамі чарговай сустрэчы «нармандскай чацвёркі» сталі Берлін і Парыж.

Прэс-сакратар расейскага прэзідэнта Дзмітрыя Пяскоў заявіў, што гэта будзе, хутчэй, «працоўная сустрэча», мэта якой – «зверыць гадзіннікі».

Міністр замежных справаў Украіны Паўло Клімкін адзначыў, што збіраецца прапанаваць падчас сустрэчы ўкраінскую дарожную карту па Данбасе, але выказаў сумнеў наконт таго, ці падтрымае яе Расея.

Разам з тым Менск можа згубіць статус перамоўнай пляцоўкі па Украіне. Заявы пра гэта ўжо пачалі гучаць з украінскага боку. Нагодай для іх стала рэзалюцыя па палажэнні з правамі чалавека ў Крыме і ў горадзе Севастопалі ў Трэцім камітэце Генасамблеі ААН, якая была адобраная 15 лістапада. Падчас галасавання высветлілася, што Беларусі аказалася ў шэрагу краінаў, якія спрабавалі заблакаваць рэзалюцыю.

«Калі мы кажам, што Менск зʼяўляецца нейтральнай платформай, куды зʼязджаюцца ўсе для перамоваў, то пасля такога галасавання, мы не можам на падобнае разлічваць», – заявіла нядаўна прадстаўніца Камітэту па замежных справах Вярхоўнай Рады Украіны Ганна Гапко.

У снежні будзе выніковае прыняцце рэзалюцыі Генасамблеі ААН. І калі Беларусь пацвердзіць сваю пазіцыю, зноў прагаласаваўшы супраць дадзенага дакументу, у Кіеве будуць прымаць адпаведныя меры, адзначыла Ганна Гапко.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў