Менск можа згубіць статус перамоўнай пляцоўкі па Украіне


zrzut-ekranu-2016-11-28-o-09-15-52

Лукашэнка з Мэркель і Оўландам на перамовах у Менску, люты 2015

Кіеў збіраецца ініцыяваць перанос месца сустрэчаў кантактнай групы па Украіне з Беларусі ў іншую краіну.

Прычына – спроба заблакаваць Беларуссю абмеркаванне рэзалюцыі па палажэнні з правамі чалавека ў Крыме і ў горадзе Севастопалі ў Трэцім камітэце Генасамблеі ААН 15 лістапада.

Пра гэта распавяла прадстаўніца Камітэту па замежных справах Вярхоўнай Рады Украіны Ганна Гапко.

«Для нас галасаванне, якое прайшло 15 лістапада, мела вельмі негатыўны рэзананс. Асабліва пасля гутарак, якія гучалі на вышэйшым узроўні, і з улікам таго, што Беларусь сябе заўсёды пазіцыянавала як донар рэгіянальнай бяспекі: краіна, якая выкарыстоўваецца і як пляцоўка для перамоваў, і як тэрыторыя, з якой ніколі не будзе пагрозаў для вашых суседзяў – краінаў НАТО, ні для Украіны. Таму цяпер актывізацыя ваенных вучэнняў з Расеяй, набліжэнне механізаваных брыгад да мяжы з Беларуссю выклікаюць у нас пэўную трывогу і недастатковае разуменне», – адзначыла Ганна Гапко.

Глядзіце таксама >>> На гэтай вайне Лукашэнка прадае зброю, паліва ды ўніформу абодвум бакам

Дэлегаты Трэцяга камітэту Генасамблеі ААН 73 галасамі «за» і 76, што ўстрымаліся, і 23 галасамі «супраць» аднак адобрылі рэзалюцыю аб палажэнні ў галіне правоў чалавеку ў Крыме. Беларусь аказалася сярод тых, хто галасаваў «супраць».

«І таму, калі мы кажам, што Менск зʼяўляецца нейтральнай платформай, куды зʼязджаюцца ўсе для перамоваў, то пасля такога галасавання, мы не можам на падобнае разлічваць», – канстатавала дэпутат.

І нагадала, што ў снежні будзе выніковае прыняцце рэзалюцыі Генасамблеі ААН. І калі Беларусь пацвердзіць сваю пазіцыю, зноў прагаласаваўшы супраць дадзенага дакументу, у Кіеве будуць прымаць адпаведныя меры.

«Мы сёння рознымі спосабамі спрабуем паслаць сігнал беларускаму боку, што галасаванне ў снежні будзе тэставым. Пасля гэтага (я зараз не магу распавядаць пэўную інфармацыю), Украіна разглядае іншыя краіны для правядзення сустрэч трохбаковай кантактнай групы, якая цяпер збіраецца ў Менску. Мы разумеем, што трэба будзе для гэтага згода і Расеі, але галасаванне па рэзалюцыі стане падставай для таго, каб падымаць гэтае пытанне », – заявіла Ганна Гапко.

Аргумент, што згодна з афіцыйнай заявы МЗС Беларусі, «пазіцыя Рэспублікі Беларусь па Украіне не памянялася» і нашая краіна выступае супраць самой практыкі прыняцця краінавых рэзалюцый, Ганну Гапко не ўразіў.

НМ, belsat.eu, паводле Ej.by, фотаздымак Спутник

Стужка навінаў