Усе вінаватыя. Агучаныя выракі ў справе Коржыча


Суд прызнаў усіх траіх сяржантаў: Бараноўскага, Скуратовіча і Вяжэвіча, галоўных фігурантаў справы Коржыча, вiнаватымi. Бараноўскi – акрамя 430 i 455 артыкулаў – быў прызнаны вінаватым паводле ч.1 арт. 205 (крадзеж) і пакараны 9 гадамi пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Скуратовiча пакаралі 6 гадамі, Вяжэвiча – 7 гадамі. Менавіта такія тэрміны патрабаваў для іх пракурор. Прысуд агучылі ў судзе Маскоўскага раёну сталіцы.

Акрамя таго, суд вынес прыватнае вызначэнне на адрас міністра абароны Андрэя Раўкова: ад яго патрабуецца прыняць меры ў сувязі з сітуацыяй у 72-м Аб’яднаным навучальным цэнтры. У вызначэнні гаворыцца, што камандванне не ведала пра нестатутныя адносіны ў частцы, не праводзіла належную прафілактыку правапарушэнняў.

Працэс цягнуўся амаль тры месяцы, расследаванне заняло 9 месяцаў. На паседжаннях выступілі некалькі дзясяткаў жаўнераў, якія падчас тэрміновай службы праходзілі навучанне ў Печах. Усе яны сведчылі пра здзекі, вымагальніцтва ды іншыя нестатутныя адносіны ў вайсковай частцы.

Маці Аляксандра Коржыча Святлана ў каментары медыям адзначыла, што вайсковае кіраўніцтва мусіла ведаць аб фактах дзедаўшчыны ў Барысаве. Што да планаў, жанчына спадзяецца дайсці да кіраўніка краіны, які браў справу на асабісты кантроль.

«Я была згодная заплаціць любыя грошы, бо Сашу трымалі як закладніка, як псіхічна хворага чалавека. Саша пачаў ваяваць з сістэмай, з беззаконнем у войску. Кіраўніцтва цэнтру ў Печах усё ведала. Палкоўнік Чарнецкі ўзяў вялікі грэх на душу, калі сказаў мне: «Ваш сын залез у пазыкі». Сяду ў прыёмнай Лукашэнкі i буду чакаць, пакуль прыме. Я хачу запытаць: каму я не даплацiла? За што мяне пакiнулi на ўсё жыццё ў жалобе?»

У каментары «Белсату» на пытанне «Як вы пракаментуеце заяву падсудных пра ціск з боку КДБ падчас следства?» пракурор Юрый Шарснёў адзначыў: «Праверка была праведзеная, каб усебакова высветліць, што адбылося на самай справе. Пасля месяца праверкі нават блізка не было доказаў ціску на абвінавачаных».

Працэс неаднаразова прыпыняўся, у тым ліку пасля заявы падсудных аб маральным і фізічным ціску з боку КДБ. Пасля месяца праверкі Генпракуратура прыйшла да высновы, што гэта не адпавядае рэчаіснасці. Адвакаты казалі, што за ўвесь час праверкі ніхто з прадстаўнікоў пракуратуры не распытваў абвінавачаных пра сітуацыю.

На судзе таксама давалі паказанні афіцэры, сярод якіх – былы камандзір Аб’яднанага навучальнага цэнтру ў Печах палкоўнік Чарнецкі. Ён назваў смерць жаўнера «збоем сістэмы».

Адзін з камандзіраў часткі, старэйшы лейтэнант Павел Сукавенка, быў спачатку затрыманы менавіта па падазрэнні ў датычнасці да гібелі Коржыча, але потым справу вылучылі ў асобную і асудзілі Сукавенку за злоўжыванне ўладаю. 19 кастрычніка суд пакараў яго 6 гадамі турмы, а прапаршчыка Артура Вірбала – 4 гадамі.

Артур Вірбал. Фота Ірыны Арахоўскай

На думку экспертаў-псіхіятраў, у Коржыча не было псіхічных захворванняў, але гэта не выключае магчымасці суіцыду. Патолагаанатам сцвярджаў, што на целе загінулага не было выяўлена слядоў барацьбы, а смерць наступіла пасля механічнай асфіксіі. Разам з тым дакладна вядома, што 3 кастрычніка 2017 году Коржыча знайшлі павешаным з нацягнутай на галаву майкай і звязанымі нагамі. Адзін з экспертаў выказаў меркаванне, што гэта магло быць звязана з жаданнем пазбавіць сябе шанцу выратавацца або са спробай выдаць суіцыд за забойства. Адназначнага матыву дзеянняў Коржыча эксперты агучыць не змаглі.

Святлана Коржыч

Маці загінулага жаўнера, Святлана Коржыч, яшчэ ў жніўні заявіла журналістам: версія следства пра суіцыд – хлусня. Жанчына настойвае на тым, што ейнага сына забілі на войску, і патрабуе прыцягнуць да крымінальнай адказнасці высокапастаўленых афіцэраў з Печаў.

«Справа Коржыча» выклікала значны рэзананс у беларускім грамадстве, пачалі раскрывацца факты гібелі іншых жаўнераў і выпадкі нестатутных дачыненняў у вайсковых частках. У гучнай справе дагэтуль шмат нявысветленых момантаў і белых плямаў.

KA, belsat.eu

Стужка навінаў