Сёння – 8888 дзён, як Лукашэнка кіруе Беларуссю. Агенцтва БелТА параіла дачакацца 9999 дня


Як напісала агенцтва БелТА, Лукашэнка сёння адзначае «свята бясконцасці» – ён ва ўладзе ўжо 8888 дзён.

На цікавую лічбу звярнулі сёння ўвагу ў беларускім інтэрнэце. Увечары дзяржаўнае агенцтва БелТА вырашыла прысвяціць гэтаму адмысловы тэкст. У сваім артыкуле праўладныя журналісты адзначаюць, што «дата прыгожая», але «поспехі лідара вымяраюцца не днямі, а вынікамі». Далей у тэксце ідзе пералік дасягненняў, якімі, на думку БелТА, адзначыўся Аляксандра Лукашэнка за 24 гады кіравання.

«Тым, хто захапляецца нумаралогіяй, можна параіць дачакацца наступнай прыгожай даты – 9999 дзён Аляксандра Лукашэнкі на прэзідэнцкай пасадзе. У сяброўскім Беларусі Кітаі лічба 9 азначае вышэйшую мужнасць, асацыюецца з кіраўніком дзяржавы і як раз сімвалізуе вечнасць», – піша БелТА ў артыкуле «Лукашэнка адзначае свята бясконцасці».

Навіну пра «свята бясконцасці» перадрукавалі з БелТА вядучыя беларускія дзяржСМІ.

Адзначым, што для таго, каб адсвяткаваць 9999 дзён на пасадзе кіраўніка Беларусі, Аляксандру Лукашэнку трэба заставацца ва ўладзе да снежня 2021 года, а значыць – пераабрацца на новы тэрмін.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў