Сястра затрыманага баевіка ПВК «Вагнэра»: «Ён гады тры-чатыры жыве ў Беларусі»


Сястра баевіка ПВК «Вагнэра» Андрэя Бакуновіча пацвердзіла belsat.eu, што ён быў затрыманы ў Калінкавічах ва ўласным доме.

«Прыехалі і забралі ад жонкі, ад дзяцей. Мы наагул не зразумелі, што адбываецца. Дагэтуль ягонай жонцы ніхто нічога не сказаў – па якой справе, што здарылася», – сказала Вольга Бакуновіч.

Па дадзеных Службы бяспекі Украіны, Андрэй Бакуновіч уваходзіў у склад ПВК «Вагнэра», якая дэ-факта з’яўляецца баявым падраздзяленнем Галоўнага ўпраўлення Генштабу Узброеных сілаў РФ. Бакуновіч ваяваў на Данбасе ў якасці камандзіра групы снайпераў, асабісты нумар жэтону – М – 1001. Удзельнічаў у аперацыі пад Дэбальцава ў лютым 2015 году.

Адказ СБУ на запыт журналіста “Белсату” у ліпені 2018 году.

Таксама вядома, што Бакуновіч мае падвойнае грамадзянства – Расеі і Беларусі. Паводле слоў сястры, «пасля службы ў войску» ён не першы год жыве ў Калінкавічах.

«Ён ужо даўно жыве ў Беларусі! У яго сын маленькі, тры гады. Ён ужо гады тры-чатыры жыве ў Беларусі. Чалавек быў у сваім доме, у сямʼі», – кажа яна.

Пра датычнасць Бакуновіча да ПВК «Вагнэра» Вользе нічога не вядома, пра затрыманні астатніх баевікоў – таксама.

«Ён насамрэч служыў у расейскім войску. Цяпер ён не служыць па стане здароўя наагул. У яго былі праблемы са спіной, аднаўляўся пасля аперацыі. У мінулым годзе была аперацыя на пазваночніку. Ён увесь гэты час быў з намі», – тлумачыць Вольга Бакуновіч.

Андрэй Бакуновіч. Фота з сацсетак

Жонка затрымана Лілія паведаміла нам, што падчас затрымання яе не было дома, а потым адмовілася гаварыць з журналістамі. Дзе цяпер знаходзіцца Андрэй Бакуновіч – сваякі не ведаюць.

Андрэей Бакуновіч (трэці злева) з сям’ёй у Калінкавічах.
Фота: «Аднакласнікі»

Данбаскі ці сірыйскі след?

Супрацоўнікі праваахоўных органаў Беларусі пад Менскам затрымалі 33 баевікоў расейскай ПВК «Вагнэра», 29 ліпеня паведаміла БелТА. Паводле агенцтва, у Беларусь прыбылі больш за 200 баевікоў для дэстабілізацыі абстаноўкі ў перыяд выбарчай кампаніі. Пры сабе расейцы нібыта мелі кожны па невялікай ручной паклажы, і на ўсіх – тры вялікія цяжкіх валізкі, загружалі якія ў транспартны сродак некалькі мужчын.

Выданне Nexta звярнула ўвагу, што многія найміты знаходзяцца ў базе «Міратворца». Тэлеграм-канал «Беларусь галаўнога мозгу» адзначае, што некаторыя людзі са спісу былі ўнесеныя ў базу гадзіну таму, а дадаў іх той жа карыстальнік, што і Сяргея Ціханоўскага некалькі дзён таму.

Былы намеснік камандзіра батальёна спецназа арміі «ДНР» пісьменнік Захар Прылепін пацвердзіў URA.RU, што сярод затрыманых у Беларусі расейцаў ёсць яго байцы.

«Ёсць там два ці тры байцы з майго батальёна. Уласна, калі не дзясяткі, то сотні людзей працуюць у ПВК і ўдзельнічаюць у баявых канфліктах», – паведаміў Прылепін.

Ён адмаўляе, што найміты знаходзіліся ў Менску з мэтай дэстабілізаваць сітуацыю ў Беларусі. Паводле яго, са сталіцы байцы адпраўляліся ў іншыя кропкі свету.

Тэлеграм-канал WarGonzo са спасылкай на крыніцы ў расейскіх спецслужбах таксама паведамляе, што Менск выкарыстоўваўся як транспартны хаб падчас пандэміі каронавіруса для перакідання байцоў ПВК «Вагнэр» у іншыя краіны – «пераважна, афрыканскія».

«Натуральна, беларускія спецслужбы былі загадзя ў курсе і папярэджаныя, а па факце забяспечвалі спакойны працэс у перыяд пандэміі перакідання нашых байцоў на ўсходнія франты. Дамоўленасці аб гэтым транспартным калідоры былі дасягнутыя на самым высокім узроўні і Лукашэнка, вядома, быў у курсе, для чаго вагнэраўцы знаходзяцца ў Менску і куды ляцяць», – піша WarGonzo.

Паводле міжнародных расследавальнікаў, «вагнэраўцы» у рэжыме сакрэтнасці падпарадкоўваюцца штабу ГРУ, то бок Мінабароны Расеі. Яны ўдзельнічалі ў захопе Крыму 5 гадоў таму, працягваюць ваяваць на расейскім баку ў Данецкай і Луганскай вобласцях і ў Сірыі. Гэтую вайсковую групу заўважылі ў Судане і Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, дзе забілі трох расейскіх журналістаў, якія расследавалі дзеянні «вагнэраўцаў». Таксама ў паслужным спісе – Емен, Лівія і Венесуэла.

Кацярына Андрэева belsat.eu

Стужка навінаў