Сяргей Ціханоўскі знаходзіцца ў карцары за кепскую прыборку. У ягонай камеры знайшлі павуцінне пад столлю


Адвакат блогера распавёў TUT.by, чаму яму працягваюць тэрмін знаходжання ў карцары СІЗА.

Стала вядома, чаму Сяргею Ціханоўскаму працягнулі тэрмін перабывання ў карцары. Як паведаміў ягоны адвакат Віктар Мацкевіч, у блогера знайшлі павуцінне пад столлю. Гэта і стала прычынай для пакарання.

Сяргей Ціханоўскі на пікеце ў Магілёве.
Фота: «Белсат»

На 22 чэрвеня Ціханоўскі знаходзіцца ў карцары ўжо 10 дзён. Да яго ўжылі два спагнання 7 дзён карцару кожнае. Першае – за парушэнне рэжыму, другое – за кепскую прыборку.

Адвакат паведаміў, што Сяргей трымаецца, але наракае на ўмовы ўтрымання.

«У карцары няма пітной вады, толькі з-пад крану і не вельмі чыстая. Карцар – маленькае памяшканне, без вакна, яно не праветрываецца, круглы дзён гарыць яркае святло, вільготна ў памяшканні – працякае труба, бетонная падлога амаль пастаянна мокрая. Нармальна сядзець няма на чым, а ложак адкідваюць толькі з 22 да 6 раніцы. Таму ён шмат стаіць або робіць невялічкія крокі па карцары. Аднак у яго баліць нага, якую ён пашкодзіў яшчэ да затрымання. Таму стаяць або хадзіць яму складана», – зазначае адвакат.

Сяргей Ціханоўскі падаў скаргу на сваё ўтрыманне ў карцары ў суд Маскоўскага раёну, у пракуратуру гораду і Упраўленне дэпартаменту аб выкананні пакаранняў па Менску і Менскай вобласці. Адвакат блогера падаў скаргу начальніку СІЗА на ўмовы ўтрымання, а ў пракуратуры прасіў разгледзець усе скаргі.

  • Сяргей Ціханоўскі быў затрыманы ў Горадні 29 траўня. Зараз ён абвінавачваецца ў арганізацыі масавых беспарадкаў, а таксама перашкодзе працы ЦВК.
  • Блогер змешчаны ў карцар да 26 чэрвеня.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў