Сярэдні пол, матрыярхат і хуткасць 120 км/г. Топ -7 фактаў пра кулікоў


11 траўня – Сусветны дзень пералётных птушак, з 2006 года ён адзначаецца з ініцыятывы арнітолагаў у другую суботу траўня і кастрычніка. З гэтай нагоды belsat.eu прыгледзеўся да найбольш вывучаных у Беларусі групы птушак – кулікоў.

Ужо 20 гадоў на Тураўскай станцыі кальцавання арнітолагі даследуюць паводзіны і шляхі міграцыі гэтых птушак. Belsat.eu разам з дырэктарам станцыі Паўлам Пінчуком сабраў 7 незвычайных фактаў пра гэтых птушак.

Павел Пінчук кальцуе куліка-случка

Кулікі лётаюць, ходзяць і плаваюць

Птушаняты большасці відаў кулікоў умеюць не толькі хадзіць і лётаць, але і плаваць, а кулік-марадунка і кулік-перавозчык могуць нават ныраць.

Cамка баталёна

Трэці пол

На пачатку 2000-х на станцыі злавілі баталёна (птушка сямейства бакасавых), арнітолагі былі перакананыя, што ў пастцы – самка. (Самцы баталёнаў увесну маюць рознакаляровы каўнер, самкі – шэрае апярэнне). Але генетычны аналіз крыві паказаў, што гэта самец. Такія самцы, падобныя да самак, спароўваюцца і з самкамі, і са звычайнымі самцамі. Бо апошнія не разумеюць, што гэта не самкі.

Арніолагі запісваюць парметры кожнай птушкі і яе вагу

Сярэдня хуткасць – 120 км/г

Некалькі гадоў таму адмыслоўцы праводзілі даследаванне і вешалі геалогеры на дубальтаў. Прылада паказала, што птушка ляціць 2–3 дні з Палесся ў Конга без перапынку. Амаль 6000 кіламетраў за два дні. Іншы кулік – малы грыцук – паводле звестак замежных навукоўцаў ляціць 9 дзён без перапынку, пераадольваючы 12 000 кіламетраў.

Кольца для птушак

Птушаняты самастойныя з першага дня жыцця

Пасля вылуплівання птушаняты амаль усіх відаў кулікоў могуць харчавацца самастойна, і нават у вырай яны ляцяць асобна ад дарослых.

Пасля кальцвання навукоўцы выпсукаюць усіх птушак назад у дзікую прыроду. Арцём Халандач выпускае куліка-случка

Самая старая ў свеце марадунка жыве ў Тураве

У 1999 годзе арнітолагі акальцавалі птушаня куліка-марадункі, а праз 17 гадоў адлавілі тую ж птушку. Узроставы рэкорд у гэтага віду ў свеце яшчэ не пабіты.

Дубальт, птушка сямейства бакасавых. Фота https://www.flickr.com

Тураўскае балонне – найбуйнейшае ў Еўропе месца збірання баталёнаў

У Беларусі – найбуйнейшае ў Еўропе месца збірання баталёнаў, летась на Тураўскім лузе назіралі адначасова 120 000 гэтых кулікоў. Сёлета, на жаль, з прычыны нізкага ўзроўню вады колькасць птушак не такая высокая.

Павел Пінчук кальцуе куліка-случка

Самцы выхоўваюць дзяцей

У плывунчыкаў усё не так, як у іншых відаў птушак: самкі маюць больш яскравае апярэнне і б’юцца паміж сабой за самцоў. Потым самкі адкладваюць яйкі і злятаюць, а самцы наседжваюць іх і выводзяць птушанятаў.

*Тураўская станцыя кальцавання птушак была заснаваная ў 1999 годзе з прыватнай ініцыятывы супрацоўнікаў Акадэміі навук і існуе цалкам за кошт ахвяраванняў. Сёлета навукоўцы краўдфандзяць грошы на новыя байдаркі і абсталяванне для вывучэння птушак. За працай арнітолагаў станцыі можна будзе таксама паназіраць 25–26 траўня падчас Фэсту кулікоў.

Наста Кахановіч, фота аўтаркі belsat.eu

Стужка навінаў