Сяброўку Сяргея Калмыкова, якога затрымалі разам з Ціханоўскім, выклікалі ў Следчы камітэт


Ірына Федарэнка паведаміла карэспандэнту Belsat.eu, што яе выклікалі на размову ў Гарадзенскі следчы камітэт у якасці сведкі: «Мяне проста апыталі. Усё прайшло спакойна. Проста папрасілі распавесці, што было 29 траўня», – кажа Ірына.

Дзяўчына паказала следчаму зроблены ёю скрыншот відэа, якое паказалі 31 траўня па тэлеканале «Беларусь-1», дзе добра відаць, што яна і яе малады чалавек стаяць паводдаль ад Сяргея Ціханоўскага падчас правакацыі. Са словаў Ірыны, гэтае відэа і скрыншот будуць далучаныя да справы. Пра лёс Сяргея Калмыкова Ірыне ўсцяж нічога невядома.

29 траўня Ірына і Сяргей вырашылі пайсці ўвечары ў цэнтр Горадні. У выніку штурханіны на пікеце міліцыянтамі было затрымана больш за 10 чалавек, у тым ліку і 20-гадовы Сяргей Калмыкоў. Маладзёна затрымалі, калі ён спрабаваў са сваёю сяброўкай адысці далей ад месца здарэння.

АК Belsat.eu

Стужка навінаў