Святлана Ціханоўская паўдзельнічае ў Беларускім тыдні прадпрымальніцтва


16 лістапада яна звернецца да прадпрымальнікаў са словамі падтрымання і адкажа на пытанні.

Фота з Інстаграм Святланы Ціханоўскай

Таксама на GEW Беларусь выступяць іншыя сябры Каардынацыйнай рады. А галоўнаю тэмаю тыдня стане бізнес у эпоху перамен.

«Сёння ў нашай краіне ўсе займаюцца палітыкай. Гэта дадзенасць, а не выбар. Яе трэба прыняць, усвядоміць і вырашыць для сябе, якую ролю асабіста я выконваю ў гісторыі «Беларусь 2020», – заяўляюць арганізатары.

Мерапрыемства пройдзе ў анлайн-фармаце і будзе бясплатным.

Арганізатары заклікаюць бізнесменаў і прадпрымальнікаў далучыцца да абмеркавання варыянтаў разумнага і законнага выхаду з існуючага ў краіне грамадска-палітычнага і эканамічнага крызісу.

«Пандэмія скараціла шэрагі дробных прадпрымальнікаў значна, але не крытычна. Беларускія бізнесмены, якія перажылі не адзін фінансавы калапс, апынуліся не проста жыццястойкімі, але і здольнымі да хуткага самааднаўлення і пераўтварэння. Шмат у чым дзякуючы таму, што сёння называюць «нараджэннем нацыі», гэта значыць грамадскай згуртаванасці, салідарнасці і ўзаемадапамозе».

GEW – штогадовая Сусветная ініцыятыва, у якой удзельнічаюць бізнесмены, прадпрымальнікі, стартапы з больш як 170 краін. У Беларусі Сусветны тыдзень прадпрымальніцтва праходзіць ужо 10 разоў. Сёлета лозунг форуму – «Пераломны год. Пераломнае дзесяцігоддзе».

 

belsat.eu

Стужка навінаў