«Свет танкаў» парадаваў беларусаў патрыятычным «велікодным яйкам»


«Велікодным яйкам» у кампʼютарных гульнях, фільмах ці кнігах называць нейкую спасылку, жарт ці сакрэт, які зразумелы толькі дасведчанаму ў пэўнай сферы гульцу ці гледачу. Звышпапулярная ў краінах былога СССР гульня пра танкі два гады таму стала беларускамоўнай, аднак на гэтым яе крокі насустрач беларускай аўдыторыі не скончыліся.

Гульцы «Света танкаў» заўважылі на днях «велікоднае яйка» ці «пасхалку» скіраваную да патрыятычнай беларускай аўдыторыі.

На здымку з экрана загрузкі гульнявай сесіі мы бачым назву задачы, якую трэба выканаць гульцу на цяжкім танку – цытату з верша Максіма Багдановіча «Пагоня».

Гульцы пішуць, што існуюць і іншыя падобныя «велікодныя падарункі» для беларусаў у беларускамоўным кліенце гульні.

Цэнтр распрацоўкі «Свету танкаў» знаходзіцца ў Менску, хоць сама кампанія зарэгістраваная на Кіпры. Найбольшай папулярнасцю гульня карыстаецца ў краінах СНД, ільвіная частка гульцоў – пераважна ў Расеі.

У першыя гады існавання сайт «Свету танкаў» і гульня для краінаў СНД былі цалкам расейскамоўнымі, хоць гульцы неаднаразова падымалі пытанні нацыянальных моваў і агучвання. З’яўляліся беларускамоўныя каманды і самаробныя варыянты агучвання і перакладаў.

Крыніца – https://worldoftanks.ru

У пачатку сакавіка 2016 года – сама кампанія цалкам пераклала гульню на беларускую мову. Нават чальцы экіпажу цяпер дакладваць гульцу пра трапныя стрэлы – па-беларуску. Беларускамоўнымі сталі таксама ўзнагароды, інтэрфейс гульні і апісанні тэхнікі. У інтэрнэце зʼявіліся беларускамоўныя рэкламныя абʼявы «Свету танкаў». Таксама зʼявіліся ўкраінская і казахская мовы.

У 2018 годзе ў «Свеце танкаў» зʼявілася мапа «Менск», якая паказвае горад 1960-х, аднак назвы вуліц на шыльдах – сучасныя і беларускамоўныя.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў