Суверэнітэт і палітыка непрызнання Абхазіі ды Паўднёвай Асеціі: Лукашэнка ляціць на сустрэчу з прэзідэнтам Грузіі


Кіраўнік Беларусі вечарам 22 красавіка распачне двухдзённы візіт у Грузію. Аляксандр Лукашэнка сустрэнецца з прэзідэнтам Грузіі Георгіем Маргвелашвілі і грузінскім прэм’ерам Іракліем Гарыбашвілі ды лідарам грузінскай аўтакефальнай царквы Каталікасам-Патрыярхам ўсяе Грузіі Іллёй ІІ, паведамляе прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.

«З палітычных тэм у першую чаргу я б падкрэсліў важнасць такіх, як палітыка падтрымкі суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Грузіі і палітыкі непрызнання (незалежнасці Абхазіі і Цхінвальскага рэгіёну)», – заявіў дарадца прэзідэнта Грузіі па міжнародных адносінах Тэнгіз Пхаладзэ.

Лукашэнка аб прызнанні Абхазіі і Паўднёвай Асеціі

Афіцыйны візіт Аляксандра Лукашэнкі завяршыцца 24 красавіка візітам у Батумі, дзе ён сустрэнецца з кіраўніком ураду Аджарскай аўтаномнай рэспублікі Арчылам Хабадзэ і разам з ім наведае канцэрт. Акрамя таго, Лукашэнка будзе прысутнічаць на цырымоніі падпісання дамовы аб гарадах-пабрацімах паміж Батумі і Берасцем.

Эканамічны блок нашай дэлегацыі, ў склад якой увайшлі прадстаўнікі каля 40 кампаній, узначальвае намеснік прэм’ер-міністра Міхаіл Русы.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў