Працаўніца штабу Ціханоўскай: Памылка – думаць, што калі пасадзіш Прэзідыюм Каардынацыйнай рады, усё загнецца


Ульяна Цікун. Фота з асабістага архіву

Ульяна Цікун у штабе Святланы Ціханоўскай працавала каардынатаркаю інфармацыйнага аддзелу. Адразу пасля выбараў яна была вымушаная пакінуць Беларусь. Прыехала Ульяна ва Украіну. Мы сустрэліся з ёй, каб пагаварыць пра выезд ва Украіну, працу ў камандзе і жыццё ў іншай краіне.

– Ульяна, кім вы працавалі ў штабе Святланы Ціханоўскай?

– Я была ў інфармацыйным аддзеле. Гэта значыць – асвятленне дзейнасці штаба, сацсеткі, агітацыйная прадукцыя. У прынцыпе, плыні інфармацыі сцякаліся да мяне, я іх проста размяркоўвала.

– У краіне, дзе пастаянна фальсіфікуюцца выбары, складана спадзявацца на афіцыйную перамогу кагосьці акрамя Аляксандра Лукашэнкі. На што вы спадзяваліся і разлічвалі падчас выбараў?

– Я пачынала са збору подпісаў. Ён адбываўся пад дэвізам «За ўсіх, акрамя аднаго». Самы пажылы чалавек, які паставіў мне подпіс за Ціханоўскую, – гэта бабуля 1932 года нараджэння. Можа, яна раней галасавала за Лукашэнку. Але вось тут яна прыйшла і была ўпэўненая, што ёй трэба ставіць подпіс за Ціханоўскую. Прыходзіла моладзь, прыходзілі пенсіянеры. Паводле маіх назіранняў, прыходзіла больш людзей 60-ых гадоў нараджэння. Гэта пра што кажа: што гэта людзі, у якіх усё дарослае свядомае жыццё прайшло з Лукашэнкам, цяпер яны ідуць ставіць подпіс за Ціханоўскую, значыць надакучыла, і трэба нешта памяняць. Зыходзячы з гэтага, мы былі ўпэўненыя, што Святлана пераможа. Далей мы заклікалі людзей любымі мірнымі спосабамі абараняць свой голас. Мы не ведалі, колькі людзей выйдзе на вуліцу, у якім фармаце людзі пойдуць на вуліцу. Гэта ўсё было стыхійна. Людзі дзеілі з увагі на сітуацыю.

Hавiны
«Мы не чакалі, што будзе настолькі складана прыбраць Лукашэнку». Актывістка штабу Ціханоўскай пра надзеі і пра будучыню краіны
2020.09.14 16:28

– Звонку складаецца ўражанне, што апазіцыя, штаб, дый самі людзі дзейнічаюць без якой-колечы стратэгіі.

– Тут я бачу праблему вось у чым: ёсць мэта памяняць Лукашэнку. Усё. Што далей, ніхто не думае. На мой погляд, мэта змяніць уладу з часам пераўтворыцца ў больш маштабную мэту. Напрыклад, пабудаваць краіну для жыцця, агульна кажучы.

Hавiны
Святлана Ціханоўская для The Washington Post: У Лукашэнкі няма будучыні, яго сыход – толькі пытанне часу
2020.09.15 11:30

– Наагул, у штабе абмяркоўваліся варыянты дзеянняў? Да прыкладу, мірным шляхам будзеце рэагаваць на ўсе крокі ўлады ці нямірным шляхам?

– Нямірны шлях – не абмяркоўвалі. Адзінае, што яшчэ ў ліпені мы вельмі актыўна абмяркоўвалі: а што калі заклікаць выходзіць жанчын. Мы тады падумалі-падумалі, але ў выніку адкінулі гэтую ідэю. Маўляў, вы што, сур’ёзна? Муж жонцы скажа – «ідзі пратэстуй, а я ўдома пасяджу»? Гэта здавалася неймаверным, каб пайшлі менавіта жанчыны. І тут праходзіць месяц, і выходзяць толькі жанчыны… Ну, мы хоць бы думалі правільна. Я ведаю дакладна адно: мы не пойдзем першымі ваяваць.

Марш герояў, Менск, 13 верасня 2020 г.
Фота: ТК / «Белсат»

– Чаму Вы з’ехалі з Беларусі?

– Я зʼехала 9 жніўня ўвечары. У дзень выбараў я прагаласавала і паехала на вакзал. Гэта вельмі эмацыйны момант. Я сяджу на вакзале, пʼю каву і гляджу, як у цэнтр гораду едуць калоны ваеннай тэхнікі. Я разумею, што ў мяне аўтобус праз некалькі гадзін. І я не магу застацца, але я таксама вельмі хачу ў цэнтр, хачу абараніць свой голас. Але я не магу, бо мяне могуць затрымаць за працу ў штабе. Хоць мы дзейнічалі строга ў рамках заканадаўства падчас перадвыбарнай кампаніі.

– Хацелі б быць у Менску, разам з усімі выходзіць на пратэсты?

– Вельмі складана пераканаць сябе, што тут, на волі, ты можаш зрабіць больш, чым там. Таму што эмацыйна ты думаеш, што прыйдзеш на пратэст, і ты нешта зменіш, табе здаецца, што канкрэтна ты можаш нешта зрабіць. Зразумела, што калі кожны падумае «я больш карысны ў бяспецы», то нічога не будзе. Але ў маім выпадку ў мяне не было выбару.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

– Ульяна, як рэагавалі ў штабе на затрыманні вашых супрацоўнікаў, тых людзей, з якімі вы працавалі?

– Першая рэакцыя заўсёды ва ўсіх была – перажываць, а наступная – нешта рабіць. Штаб спрабаваў знаходзіць адвакатаў і аплочваць іх працу. А Святлана – я не ведаю як яна ўсё гэта перажывала, таму што ў яе настолькі вялікае сэрца, яна як маці. Яна да кожнага з нас ставілася па-мацярынску.

Ведаеце, вельмі выдатна, што дзяўчаты аб’ядналіся ўтрох, таму што яны адна адну падтрымлівалі. Яны заўсёды разам ездзілі ў адным аўце, калі мы кудысьці ездзілі па краіне. Маша Калеснікава – гэта заўсёды энерджайзер. Колькі яе памятаю, яна заўсёды спявала, танчыла, усміхалася. Вось яна – суцэльная энергія. Вераніка – мяккая, цёплая, яна мама. Яна вельмі цёпла гаварыла пра сваіх дзяцей. І са Светай яны так па-цёпламу сябруюць.

Нам жа ніхто не плаціць грошай, мы ўсе на валанцёрскіх пачатках. Але думаю, што ніхто ніколі не шкадаваў, што вось у гэта ўсё пайшоў. Дакладней, можна было сябе пашкадаваць пару хвілін. Потым ты збіраешся і разумееш, што ты робіш нешта вельмі крутое.

– Чаму вы з’ехалі ва Украіну?

– Таму што няма візавага барʼеру, лягчэй зʼехаць. Ведаеце, я лавіла сябе на думцы, што калі знаходзішся там, у Беларусі, табе здаецца, што дзеянні ўладаў на мітынгах, дзяржаўная сістэма, невыкананне законаў, парушэнне правоў чалавека – гэта ненармальна. І толькі прыехаўшы сюды, у спакой, можна адчуць, наколькі гэта насамрэч ненармальна. Жывучы ў Беларусі, чалавек адаптуецца, прывыкае, што законы не дзейнічаюць і што неяк так і жывем.

– Як вы думаеце, мірным шляхам, мірнымі акцыямі можна да нечага наагул прыйсці?

– Я думаю, што можна. У вас ва Украіне колькі было рэвалюцый? Не адна. А ў нас першая. Мы вучымся. Мне здаецца, што беларускае грамадства як дзіця, пакуль што маленькае, пяшчотнае, добрае, мілае, і яму яшчэ трэба вучыцца, каб стаць моцным падлеткам, яму трэба прайсці яшчэ нейкі шлях. Сапраўды гэтак жа цяпер расце на нашых вачах беларускае грамадства. Я не ведаю, ці пойдуць беларусы больш жорсткім шляхам ці не. Але на гвалце і жорсткасці вырастае толькі жорсткасць. Не атрымаецца пабудаваць нешта светлае і добрае на гвалце.

– Ва Украіну прыехала шмат уцекачоў з Беларусі за гэтыя паўтара месяца. Дзе яны знаходзяць дапамогу, дзе ўладкоўваюцца, як наагул арыентуюцца ў новай краіне?

– Ва Украіне ёсць дабрачынны фонд «Беларусь будучыні». Фонд не дапамагае тым, хто на тэрыторыі Беларусі. Дапамагаюць толькі беларусам, якія пераехалі ва Украіну. Напрыклад, працягнуць вучобу, знайсці працу, жыллё альбо фінансавую дапамогу на першы час. Таксама фонд дапамагае пераехаць сюды. Дапамагаюць пераважна беларусы, якія даўно жывуць ва Украіне.

Марыя Калеснікава. Менск, Беларусь. 24 жніўня 2020 г.
Фота: Света Фар/ belsat.eu

– Як вы ставіцеся да таго, што Марыя Калеснікава парвала свой пашпарт і засталася ў Беларусі?

– Яна крутая. Яна пайшла на прынцып. Яна сказала – «не паеду» – і не з’ехала.

– Чальцоў Каардынацыйнай рады паслядоўна арыштоўваюць або выціскаюць за мяжу. Што, на вашую думку, будзе далей?

– Мне здаецца, Каардынацыйная рада працягне працаваць, як і працавала. Па-першае, ёсць пашыраны склад Рады. Арыштавалі Прэзідыум, а ёсць яшчэ людзі, якія проста сябры Каардынацыйнай рады. І ў нас у Беларусі на гэты раз усё працуе як эстафетная палачка. Знікае адзін чалавек – зʼяўляецца іншы, які бярэ на сябе ягоныя абавязкі. Памылкова думаць, што калі пасадзіць прэзідыум Каардынацыйнай Рады, то ўсё ляснецца. Я веру, што так не будзе.

Ірына Кананенка/ВГ, belsat.eu

Стужка навінаў