Працаўнікоў заводу накіравалі чысціць кароўнікі да прыезду Лукашэнкі. Адзін з іх загінуў


33-гадовы гамяльчук упаў з 10-метровай вышыні і загінуў. Інцыдэнт адбыўся 18 лістапада ў вёсцы Бушаўка Буда-Кашалёўскага раёну, куды хутка завітае Аляксандр Лукашэнка.

Пра гэта паведамляе гомельскі партал «Моцныя навіны» і называе імя загінулага – Кірыл Раманаў.

Пра трагічны выпадак таксама напісаў на паштовую скрыню Belsat.eu чытач, які дадаў, што працаўнікоў прымусілі «памыць усіх кароваў шампунем».

Загінуламу было 33 гады, раней мужчына служыў у Міністэрстве надзвычайных сітуацыяў.

У суботу супрацоўнікаў «Хімзаводу» накіравалі мыць дахі кароўнікаў у вёсцы Бушаўка. Выявілася, што падобныя «рэйды» здзяйсняліся не ўпершыню: у сувязі з хуткім прыездам кіраўніка дзяржавы ўсе сілы кінулі на тое, каб навесці парадак у ваколіцах. Людзі, якія заступілі на змену, не займаліся сваймі наўпроставымі абавязкамі, а ехалі чысціць дахі кароўнікаў.

Кірыл Раманаў

«Працавалі без страхоўкі. Дах, мабыць, быў залатаны нетрывалым матэрыялам у некаторых месцах, праваліўся, а Кірыл зваліўся на бетон з 10-метровай вышыні і разбіўся», – распавяла рэдакцыі Таццяна Раманава, сястра загінулага.

А пятай увечары з трагічнымі навінамі да жонкі наведаліся прадстаўнікі арганізацыі. І з дзіўнай просьбай – ня паведамляць бацькам.

Таццяна, апынуўшыся ў моргу, жахнулася ад убачанага.

«Учора, калі ўбачыла яго ў моргу ў чорным мяшку і каровіным гаўне, я страціла прытомнасць Ён быў добры мужчына, які любіў дзяцей і жонку, безадмоўны сын. У яго засталіся жонка і двое маленькіх дзетак: 6 і 3 гады. Вось так у нашай краіне гінуць ратавальнікі: у чорным мяшку і каровіным гаўне», – не хаваючы слёз распавядае Таццяна.

Калегі Кірыла ўпэўненыя, што справу спусцяць на тармазах.

«Хочуць замяць пытанне. Зараз падчышчаюць паперы. Міліцыянты сказалі, кіраўніцтва спусціць усё на тармазах. Я быў там цяпер. Бачыў месца падзення. 10 метраў. Не пашанцавала яму проста. Вельмі шкада Кірыла, жыць ды жыць. Прыгажун які быў», – кажа адзін з калегаў загінулага.

У момант сустрэчы Таццяны з журналістам пад домам бацькоў дзяжурыла машына хуткай дапамогі, а ўнутры знаходзілася кіраўніцтва: прапаноўвалі сваю дапамогу, расказвалі, што па дакументах усё чыста, тэхніку бяспекі Кірыл прайшоў. Аднак пытанне, што ў свой працоўны час ён рабіў на даху кароўніка і чаму апынуўся на 10-метровай вышыні без страховачнага пояса, застаецца адкрытым.

Сваякі Кірылы Раманава не збіраюцца маўчаць. Яны хочуць, каб адпаведныя органы ва ўсім разабраліся, а вінаватыя, чыймі рукамі ўсё гэта было арганізавана, панеслі пакаранне.

Заўтра адбудзецца пахаванне.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў