Суд над «беларускім шпіёнам» Палітыкай адклалі на 27 сакавіка – адвакаты не з'явіліся


Сёння, 27 лютага, у Чарнігаўскім раённым судзе Чарнігаўскай вобласці павінна было адбыцца запланаванае папярэдняе паседжанне ў справе беларуса Юрыя Палітыкі, якога ва Украіне вінавацяць у шпіянажы. Як стала вядома belsat.eu, паседжанне адклалі на месяц. Яно адбудзецца 27 сакавіка ў 14:00.

Адвакат Палітыкі Тарас Гералюк паведаміў belsat.eu, што «заняты іншымі справамі», таму не зможа прысутнічаць у судзе сёння. Такая ж сітуацыя ў астатніх двух абаронцаў – Валянціны Рагавец і Аляксандра Вольвака. Справа ў тым, што паводле закону без адвакатаў папярэдняе паседжанне прайсці не можа.

Старшыня судовай калегіі, суддзя Уладзіслаў Кухта распавёў:

«Вольвак падаў хадайніцтва аб пераносе даты адразу пасля апошняга паседжання, якое прайшло 14 лютага. Адвакатка Рагавец сёння даслала хадайніцтва, патлумачыўшы сваю адсутнасць хваробай. Удзел адвакатаў абавязковы, таму мы вымушаныя перанесці паседжанне».

Гэта ўжо трэці раз, калі папярэдняе паседжанне адкладаюць. Спачатку адвакаты патрабавалі для Палітыкі перакладчыка на беларускую мову замест расейскай, потым хадайнічалі аб адводзе складу судовай калегіі. Суд прапанаваў абароне знайсці адпаведнага спецыяліста-перакладчыка, а хадайніцтва аб адводзе адхіліў.

На пытанне, ці магчыма, што Палітыку экстрадуюць у Беларусь без выраку, Кухта адказаў:

«Магчыма, ходзяць розныя чуткі, але гэта ўсяго толькі нашыя здагадкі, прагнозы. Гэтае пытанне палягае ў сферы міжнародных дачыненняў. Суд жа працэсуальна знаходзіцца на стадыі прызначэння даты папярэдняга паседжання».

У сваю чаргу, старэйшы саветнік амбасады Беларусі ва Украіне Сяргей Бобаў сказаў belsat.eu, што перанос паседжання на 27 сакавіка звязаны са«шчыльным графікам судовай калегіі». Паводле яго словаў, калегія з трох суддзяў не змагла знайсці ў сваім графіку ранейшай даты, каб сабрацца па справе Юрыя Палітыкі.

Нагадаем, раней суд працягнуў арышт беларусу да 14 красавіка. Гэтае рашэнне матываванае тым, што злачынства паводле арт. 114 КК Украіны «Шпіянаж» належыць да катэгорыі асабліва цяжкіх. Мера стрымання не будзе змененая, бо падазраваны можа схавацца ад правасуддзя «у тым ліку на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі» і ўплываць на сведкаў з мэтаю здабыць доказы сваёй невінаватасці.

Падрабязней пра справу «беларускага шпіёна» чытайце тут:

Суд у Чарнігаве падоўжыў арышт «беларускаму шпіёну» да 14 красавіка. Новыя падрабязнасці справы Юрыя Палітыкі.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў