Суботнія маршы і новыя доказы ў справе Бандарэнкі. Як прайшоў 126-ы дзень пратэсту ў Беларусі


Дваравыя пратэсты, Менск, 12 снежня 2020 г.
Фота: ТК / Белсат

Субота 12 снежня ў Беларусі стала 126-м днём няспынных паслявыбарных пратэстаў, якія праходзяць штодня з 9 жніўня. Людзі патрабуюць новых выбараў, адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі, спынення і расследаванне гвалту з боку сілавікоў.

Рэпетыцыя нядзелі

Нечакана для многіх субота прынесла шмат навінаў пра разнастайныя акцыі пратэсту ды салідарнасці, якія прайшлі ў розных паселішчах Беларусі.

Дваравыя пратэсты, Менск, 12 снежня 2020 г.
Фота: ТК / Белсат

Акцыі праходзілі як у фармаце пікетаў салідарнасці, гэтак і ў выглядзе дваравых маршаў, якія больш уласцівыя для нядзеляў.

Яны праходзілі ў розных месцах Менску, Горадні, у Прылуках, Гатаве, што пад Менскам, ды ў іншых месцах.

У тым ліку пратэстоўцы выказвалі падтрыманне журналісткам Кацярыне Андрэевай, Дар’і Чульцовай і Кацярыне Барысевіч, якія за сваю працу знаходзяцца за кратамі.

Ліст і прысяга сілавікоў

Таксама сёння ў сеціве з’явіўся адкрыты ліст сілавікоў, якія патрабуюць спыніць гвалт і правесці новыя выбары. Паводле звароту, захады кіраўніцтва шэрагу сілавых і праваахоўных структураў прывялі да дыскрэдытацыі праваахоўнікаў у вачах грамадства, што нанесла непапраўны ўдар па прэстыжу гэтай прафесіі.

З мэтай усталявання грамадскага парадку і вяртання беларускага грамадства ў прававое поле, кіруючыся Канстытуцыяй і заканадаўствам Беларусі, падпісанты патрабуюць прызнаць выбары 9 жніўня несапраўднымі і правесці новыя сумленныя ды справядлівыя выбары.

Дваравыя пратэсты, Менск, 12 снежня 2020 г.
Фота: ТК / Белсат

Подпісы збіраюцца ў закрытым фармаце і будуць апублікаваныя пасля таго, як дасягнуць адзнаку ў 1000.

Між тым 12 снежня клятву на вернасць Беларусі прынялі каля 8 тысяч вайскоўцаў, якіх прызвалі на тэрміновую службу і службу ў рэзерве. Паводле колькасці асобаў узброеныя сілы Беларусі застаюцца без зменаў на працягу многіх гадоў, у войску занятыя каля 65 000 чалавек, з іх каля 45 000 вайскоўцаў.

Новыя доказы ў справе Бандарэнкі

12 снежня споўніўся роўна месяц з таго моманту, як памёр Раман Бандарэнка, якога скралі з Плошчы Пераменаў і збілі. З гэтай нагоды TUT.by апублікаваў сваё вялікае расследаванне трагедыі.

Выданне замовіла фанаскапічнае даследаванне аўдыёзапісаў размоваў, на якіх, як меркавалася, блізкія да дзейнага кіраўніцтва людзі абмяркоўвалі наступствы збіцця Бандарэнкі ды рэйды ў іншыя пратэставыя двары.

Дваравыя пратэсты, Менск, 12 снежня 2020 г.
Фота: ТК / Белсат

Расейская спецыялістка Эла Баргаякава з Масквы пацвердзіла, што на запісах галасы прэс-сакратаркі Лукашэнкі Наталлі Эйсмант, кіраўніка Федэрацыі хакею Беларусі Дзмітрыя Баскава і ягонага сябра, кікбаксёра Дзмітрыя Шакуты. Усе яны блізкія да сям’і Лукашэнкаў.

Справа ж за забойства Рамана Бандарэнкі так і не пачатая.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў