«Страшна, выклікайце падмогу, вашых хлопцаў не чуваць». Суседзі распавялі падрабязнасці інцыдэнту са стральбой


У менскай міліцыі сцвярджаюць, што ў панядзелак падчас тэрміновага выкліку іх супрацоўнік вымушаны быў выкарыстаць зброю, каб узяць сітуацыю пад кантроль. «Белсат» з’ездзіў на месца здарэння, каб паразмаўляць з суседзямі «шумнай кватэры» і высветліць абставіны здарэння.

Жыхары дома па вуліцы Мядзёлкі ў Менску распавялі нам, што іхняе жыллё – арэнднае. Кватэру, у якой шумела кампанія, здымаў пажылы мужчына, які пражывае адзін. Аднак у дзень здарэння з яе даносіліся галасы некалькіх асобаў.

«З 12 дня мама была ўжо дома. Яны ўвесь гэты час шумелі, бутэлькамі кідаліся з вокнаў, у тамбуры стаяў адкрыты алкагольны «штын». Мама расказвала, што пакуль мяне не было, яны выходзілі ў пад’езд біцца паміж сабой. Шум пачаў адкрыта палохаць, яго сталі чуць людзі з іншых паверхаў. За паўгадзіны да майго прыходу, у 6.30 вечара, мама выклікала міліцыю», – распавяла суседка па лесвічнай клетцы, якая пажадала застацца ананімнай.

Каля 7 гадзінаў вечара прыбылі два маладыя міліцыянты, яны папрасілі кампанію прад’явіць дакументы.

«Быццам зайшлі ў кватэру, усё нармальна. Хвілін праз 10-15 чуем – бойка адкрытая, з мужчынскімі крыкамі. Я рэальна перажывала, што «навалялі» ужо гэтым міліцыянтам. Таму што колькі ў кватэры чалавек – было незразумела. Гэта потым даведаліся, што там было пяць мужчынаў».

Пасля бойкі ізноў усё сціхла. Праз дзесяць хвілін на хатні тэлефон патэлефанавала дыспетчар з міліцыі.

Акрываўлены бінт на месцы здарэння

«Сказала, што знікла сувязь з супрацоўнікамі. І папрасіла пайсці, паслухаць пад дзверы, што ў іх там адбываецца. Мама адказвае: «Вы што, звар’яцелі? Страшна. Выклікайце дапамогу, вашых хлопцаў там не чуваць», – успамінае дзяўчына. – У тую ж секунду мы пачулі стрэлы. І крыкі: «Нага, нага». Так мы зразумелі, што нарэшце-то ўсё скончылася».

Адчыненыя вокны ў кватэры, дзе адбыўся інцыдэнт. Фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Пазней з размовы супрацоўнікаў правапарадку высветлілася, што дэбашыры спрабавалі забраць у іх табельную зброю, а аднаго з міліцыянтаў зачынілі на балконе. Гэта пацвярджае суседка Ала, якая жыве паверхам ніжэй. Яна чула бойку на балконе і пагрозы аднаго з мужчын выкінуцца з акна. Жанчына дадала, што жыхары пад’езду звярнулі ўвагу на шум яшчэ на выходных. А наогул у гэтай кватэры гучныя дэбошы адбываюцца не першы раз.

«Мы сюды засяліліся напярэдадні Новага году. Тады некалькі разоў чула дзіўныя гукі, крыкі жаночыя: «Забіваюць, выратуйце-дапамажыце». Я казала суседзям, але мы ніяк не маглі вызначыць, хто крычаў. Тут такая чутнасць, што не зразумееш. То там чуваць, то там», – распавяла Ала.

«Аказалася, што незадоўга да здарэння ў нас у пад’ездзе былі выпадкі крадзяжоў. А адна з жанчын, якая знаходзілася ў гэтай кватэры, на днях выйшла з турмы», – дадала другая дзяўчына.

З гаспадаром кватэры на сувязь выйсці не ўдалося. Суседзі нічога не ведаюць пра яго месцазнаходжанне. У агульнай групе жыхароў пад’езда ў інтэрнэце мужчыны няма.

Цяпер шасцёра грамадзян знаходзяцца ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Мінгарвыканкаму, а хуліган са скразныя раненнем левай галёнкі – у шпіталі. З прычыны інцыдэнту заведзеная крымінальная справа.

У Менску міліцыянт прастраліў нагу мужчыне. Той нібыта спрабаваў забраць пісталет

Валерыя Уласік, фота Ірыны Арахоўскай belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары