Стандарты NATO, высокія тэхналогіі – апублікаваная «ваенная дактрына» Зяленскага


Новаабароны прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі плануе працягваць курс на рэформы і інтэграцыю ўкраінскага войска ў NATO, сведчыць дакумент, які быў апублікаваны ў выданні «Новое время». Дакумент быў прадстаўлены журналістам Іванам Апаршыным – дарадцам Уладзіміра Зяленскага па пытаннях бяспекі і абароны.

Справка
Украіна – парламенцка-прэзідэнцкая рэспубліка. Урад, які прызначаецца парламентам, займаецца пераважна адміністратыўна-эканамічнымі пытаннямі. Пытанні бяспекі і абароны дзяржавы – сфера адказнасці прэзідэнта.

NATO і рэформы кіравання

Украінскае войска ўжо рэфармуецца ў бок большай інтэграцыі з NATO, аднак Уладзімір Зяленскі абяцае гэта рабіць яшчэ больш рашуча і хутка. Плануецца пераходзіць у «найбліжэйшыя тэрміны» на структуру кіравання NATO, больш выразна падзяліць функцыі Генеральнага штабу, камандванняў Узброеных Сілаў і асобных радоў войск, а таксама Абʼяднага аператыўнага штабу.

Украінскія жаўнеры ў новай форме і рыштунку на парадзе да 25 год незалежнасці Украіны. Фота прэс-службы прэзідэнта Украіны

Сістэма нацыянальнай абароны плануецца з трох частак. «Супрацьстаяць праціўніку, які пераўзыходзіць нас колькасцю і матэрыяльна, будзе прафесійная, дабраахвотная і матываваная армія, якая будзе ўзаемасумяшчальнай з арміямі краін NATO. Армія будзе ўзмоцненая рэзервам пастаяннай гатоўнасці і сістэмай тэрытарыяльнай абароны», – адзначаецца ў дакуменце.

Плануецца таксама зрабіць націск на максімальную ініцыятыву і самастойнасць дзеянняў афіцэраў на месцах.

Вызваленне ад лішняга цяжару і грамадскі кантроль

Узброеныя Сілы каманда Зяленскага плануе вызваліць ад няпрофільных функцый. Маёмасць, якая не выкарыстоўваецца ў інтарэсах абароны краіны, будзе перадавацца пад кіраванне цывільных цэнтральных ці мясцовых органаў улады.

Украіна набыла некалькі турэцкіх разведвальна-ударных беспілотнікаў Bayraktar TB2. Выява Baykar Makina

Абяцаецца максімальная адкрытасць фінансавай інфармацыі адносна сектара бяспекі і абароны і забяспячэнне доступ грамадства да кантролю эфектыўнасці выкарыстання фінансавых сродкаў.

Тут таксама плануецца пераход на стандарты NATO: 50 адсоткаў сродкаў будзе накіроўвацца на ўтрыманне Узброеных Сіл, 30 адсоткаў – на пераўзбраенне сучаснай зброяй і тэхнікай, 20 адсоткаў – на баявую падрыхтоўку.

Заробкі і ільготы вайскоўцаў

Зяленскі абяцае плаціць добраахвотнікам заробкі на ўзроўні краін NATO, ільготы на паступленне ў навучальныя ўстановы, бясплатную адукацыю, медычнае страхаванне.

Вайскоўцам таксама абяцаюць праграму забеспячэння службовым жытлом праз доўгатэрміновае крэдытаванне, іпатэку і мэтавыя праграмы.

Новая зброя і ваенна-прамысловы комплекс

У дакуменце абяцаецца забеспячэнне празрыстасці дзяржаўнай абароннай замовы і стварэнне канкурэнтных умоваў для прыватнага бізнесу і дзяржаўных прадпрыемстваў.

Дзяржаўны канцэрн Украбаронпрам, якому закідаліся шматлікія абвінавачанні ў карупцыі, плануецца пазбавіць функцый па фармаванні ваенна-тэхнічнай палітыкі. Гэтыя функцыі атрымае нейкі новы цэнтральны орган выканаўчай улады. Вялікая доля закупак для арміі будзе пераведзеная на электронныя пляцоўкі.

Адным з прыярытэтаў у праграме названа забеспячэнне арміі сучаснай высокатэхналагічнай зброяй, перш за ўсё гэта будуць сродкі разведкі, супрацьпаветранай абароны, сувязі і радыёэлектроннай барацьбы.

Кансультант з каманды іншага кандыдата

Іван Апаршын – 62-гадовы палкоўнік украінскай арміі ў адстаўцы, першыя 24 гады адслужыў яшчэ ў савецкім войску. Служыў на камандных і штабных пасадах, выконваў розныя функцыі ў Міністэрстве абароны Украіны і ва ўрадзе Украіны ў сферы абароннай палітыкі.

Першапачаткова Апаршын быў у камандзе кандыдата на пост прэзідэнта Анатолія Грыцэнкі. Аднак паміж першым і другім турам, Грыцэнка, які не прайшоў у другі тур, парэкамендаваў на сустрэчы з Зяленскім далучыць Апаршына да каманды будучага пераможцы на прэзідэнцкіх выбараў.

Аляксандр Гелагаеў belsat.eu

Стужка навінаў