«Спыніць сударгі кульгавай качкі». Зяленскі заклікаў Раду прызначыць інаўгурацыю на 19 траўня


Новаабраны прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі звярнуўся да Вярхоўнай Раду з патрабаваннем прыняць дату інаўгурацыі 19 траўня. Адпаведны відэазварот апублікаваны ў Facebook каманды Зяленскага.

Ён выказаў надзею, што за тры тыдні адпачынку дэпутаты не забылі словы дэпутацкай прысягі выконваць свае абавязкі ў інтарэсах усіх суайчыннікаў.

«Пакуль вы дзейнічаеце выключна ў сваіх інтарэсах, баіцеся роспуску Рады і зацягваеце прызначэнне даты інаўгурацыі. Вы павінны спыніць гэтыя палітычныя сударгі кульгавай качкі. Краіна мае патрэбу ў нармальнай працы», – сказаў Зяленскі.

Паводле яго, пакуль інаўгурацыя зацягваецца, прэзідэнт Парашэнка робіць актыўныя кадравыя перастаноўкі на сваю карысць.

Зяленскі таксама заявіў, што Парашэнка нагадвае яму «турыста ў егіпецкім гатэлі»:

«Заўтра дадому, валізкі спакаваныя, нумар ужо прыбралі і нармальна выхаваны чалавек чакае трансферу ў аэрапорт. Але ня Парашэнка. Ён ніяк не спыніцца. Ён цягне ручнікі, тапачкі і цягне ўсё запар са шведскага стала», – выказаўся Зяленскі.

***

Нагадаем, шоўмен і актор Уладзімір Зяленскі перамог у другім туры выбараў прэзідэнта Украіны, які адбыўся 21 красавіка. Паводле закону, інаўгурацыя павінна адбыцца на працягу 30 дзён пасля гэтага.

Першы намеснік кіраўніка Вярхоўнай Рады Ірына Герашчанка заявіла, што дату інаўгурацыі новаабранага прэзідэнта парламент прызначыць на наступным пленарным тыдні, з 14 траўня. Але Зяленскі настойвае менавіта на 19 траўня.

КА belsat.eu, паводле pravda.com.ua

Стужка навінаў