Спявачка Maruv, якая прадставіць Украіну на Еўрабачанні, адмовілася ад канцэртаў у Расеі


Спявачка Maruv, якая павінна прадстаўляць Украіну на Еўрабачанні ў гэтым годзе, заявіла пра ціск на яе з боку Нацыянальнай тэлекампаніі Украіны. Яна таксама сцвярджае, што гатовая адмовіцца ад выступаў у Расеі, піша «Украінская праўда».

«Я атрымала сумленную перамогу ў Нацыянальным адборы на Еўрабачанне-2019, атрымаўшы максімальную падтрымку ад тэлегледачоў і высокі бал ад чальцоў журы. Але цяпер нашу з вамі перамогу хочуць адабраць», – піша Maruv ў Facebook.

«Я – украінка, люблю сваю краіну і ганаруся тым, што буду прадстаўляць Украіну ў Тэль-Авіве на міжнародным конкурсе «Еўрабачанне-2019», нягледзячы на ​​тое, што за содні я атрымала прапановы ад трох розных краін прадстаўляць іх. Але мой адказ катэгарычны: я выступаю ад Украіны і ніяк інакш!», – дадала яна.

Аднак, паводле яе словаў, Нацыянальная тэлекампанія Украіны, з якой яны мусяць падпісаць дамову, выставіла шэраг «абсурдных» патрабаванняў. Гэтак, Maruv забараняецца любая імправізацыя на сцэне без узгаднення з НТКУ, камунікацыя з журналістамі, патрабуецца выконваць усе ўказанні НТКУ. У выніку парушэння правілаў – штраф у 2 мільёны грыўняў (больш за 74 тыс долараў).

Спявачка запэўніла, што гатовая адмовіцца ад выступаў у Расеі. Пры гэтым у Maruv раней былі запланаваныя сольныя канцэрты ў Маскве і Санкт-Пецярбургу.

23 лютага ў Кіеве адбыўся фінал нацыянальнага адбору Еўрабачання-2019. На ім вырашылася, што Maruv будзе прадстаўляць Украіну на конкурсе ў Ізраілі.

КА,

Стужка навінаў