Рэдакцыя дзяржаўнай газеты «Вячэрні Магілёў» у эканамічным судзе Менску аспрэчыць рашэнне рэспубліканскай экспертнай камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці ў ёй прыкмет праяваў экстрэмізму, паведамляе mspring.online.
Раней камісія ўгледзела прыкметы экстрэмізму ў двух матэрыялах выдання, у якіх ішла гаворка пра гвалт над ЛГБТ-людзьмі: «Лірычных пачуццяў нацягнутыя струны» і «У ва што выліваецца нецярпімасць да вычварэнцаў».
На падставе рашэння камісіі Ленінскі РАУС Магілёва пачаў адміністрацыйны працэс у дачыненні да газеты, які завяршыўся судом. Ужо падчас працэсу ў судзе Ленінскага раёну юрыст выдання Станіслаў Леўчанка заявіў, што «Вячэрні Магілёў» абскарджвае рашэнне экспертнай камісіі ў эканамічным судзе Менску. На падставе гэтага суддзя Аляксандр Бушкевіч часова прыпыніў разгляд справы ў Магілёўскім судзе.
Праваабаронца з Магілёва Аляксандр Буракоў адзначае, што ў параўнанні з іншымі мясцовымі медыямі, мова варожасці «Вячэрняга Магілёва» больш жорсткая і агрэсіўная:
«У адрозненне ад іншых СМІ, мова варожасці ў «Вячэрнім Магілёве» у дачыненні да ЛГБТ, да феміністак, да розных празаходніх арганізацыяў, у тым ліку ААН і Еўразвязу, – гэта была частка рэдакцыйнай палітыкі».
Змаганне з публікацыямі ў выданні цягнулася некалькі гадоў. Толькі пасля шэрагу зваротаў у розныя інстанцыі была сабрана камісія і распачаўся суд. Цяпер, 6 жніўня скаргу газеты ў Менску разгледзіць суддзя Алеся Касьянчык. Паседжанне прызначанае на 09:15 раніцы.
СК belsat.eu