«Спрабуюць наладзіць іншых супраць палітычных». Як айцішнік адседзеў 11 содняў на Акрэсціна


Віктар Куўшынаў разам з іншымі неабыякавымі беларусамі адправіўся 15 ліпеня ў ЦВК каб падаць скаргу на нерэгістрацыю Віктара Бабарыкі. Аднак мірна вярнуцца дадому яму не ўдалося – мужчыну затрымаў АМАП, і наступныя 11 дзён ён правёў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Ён распавёў «Белсату» пра ўмовы ўтрымання, сваю грамадзянскую пазіцыю і стаўленне адміністрацыі да асуджаных.

Сустрэў брата ў аўтазаку

Разам з сям’ёю Віктар Куўшынаў прыйшоў 15 ліпеня, каб падаць скаргу ў ЦВК. Зрабіць гэта ў камісіі ён не паспеў, таму адправіўся на Глаўпаштамп, каб накіраваць заяву. Аднак супрацоўнікі АМАПу перакрылі шлях і нельга было падысці да ўваходу ў Глаўпаштамп.

«Людзей было зусім няшмат, не было нават намёку на нейкі пікет або мітынг. Так, звычайная сітуацыя для цэнтру гораду. Аднак нас пачалі адтуль выціскаць. Я некалькі разоў запытаўся, чаму я не магу далей прайсці, але на гэтым усё скончылася – мяне схапілі і панеслі ў бус», – прыгадвае Віктар.

Пасля бусу мужчыну перавялі ў аўтазак. Дарэчы, там ён сустрэўся са сваім родным братам – іхнае фота стала папулярным у сацсетках. Наступны пункт «вандроўкі» – РАУС. Там Віктар правёў каля 4 гадзінаў, потым разам з братам яго павезлі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна.

Два браты сустрэліся ў аўтазаку.
Фота: архіў героя

Міліцыянты няправільна запоўнілі пратакол, напрыклад, напісалі не тое месца затрымання. Таму судзілі мужчыну ажно двойчы. Суды, дарэчы, праходзілі праз Skype. У ЦІПе мужчыну заводзілі ў асобны кабінет. Прычым сведкі і адвакат былі ў будынку суда, на адлегласці знаходзіўся толькі Віктар. Памылкі ў паперах выправілі і адправілі Віктара сядзець 11 содняў.

«Спецыфічныя ўмовы»

Віктар раней ужо сядзеў на соднях у 2011 годзе пасля маўклівых пратэстаў. Згадвае, што ўмовы сталі горш, больш «спецыфічнымі». Віктар кажа, што да палітычных іншае стаўленне. Зараз іншых вязняў намагаюцца настроіць супраць «палітычных». Напрыклад, робяць горш умовы, як толькі ў камеру засяляюць кагосьці, хто сядзіць содні, напрыклад, за ўдзел у масавым мерапрыемстве.

«Аднак гэта не працуе. Усе зняволеныя з паразуменнем ставяцца да нас, таму негатыву не было. Наадварот, усе больш злуюцца на адміністрацыю», – кажа ён.

Цягам амаль усяго тэрміну людзей у камеры было больш за ложкаў. Астатнія былі змушаныя спаць на падлозе або на лаўках.

Віктар Куўшынаў і сын.
Фота: архіў героя

«Я і сам першыя дзве ночы спаў на падлозе. Матрацы выдаюцца па колькасці месцаў. Не маеш месца – не маеш і матраца», – распавядае Віктар.

Пастаянна гарыць верхняе святло – нават уначы. Кіслароду ў камеры неверагодна не хапае. Вокны заўсёды закрытыя, і адміністрацыя не рэагуе на просьбы адкрыць. Гуляць напачатку тэрміна дазвалялі раз у два-тры дні, напрыканцы – выводзілі на прагулкі штодзень.

Аб’ектыў
Улады працягваюць затрымліваць і саджаць людзей на содні
2020.07.30 23:21

Кнігі і газеты ў перадачах прымаюць, аднак вязням не перадаюць. Таму вольны час на Акрэсціна не вельмі разнастайны.

«Што рабіць на ЦІП? Ты сядзіш на нарах або на падлозе, чытаць няма чаго. Вось і лепіш з хлеба шахматы і шашкі, размаўляеш», – кажа мужчына.

Досвед

«Я пазнаёміўся з рознымі людзьмі, паслухаў розныя меркаванні аб бягучых падзеях. Атрымалася ўдакладніць разуменне таго, у які гістарычны момант мы існуем», — дзеліцца сваімі ўражаннямі ён.

Віктара Куўшынава сустракаюць з ЦІП.
Фота: архіў героя

Содні аніяк не паўплывалі на жаданне Віктара зʼехаць або змяніць сваю грамадзянскую пазіцыю.

«Гэта не змусіла мяне нешта прынцыпова перагледзець», – запэўнівае ён.

Адміністрацыя на ЦІПе, паводле Віктара, даволі розныя асобы. Там ёсць вельмі ідэйныя людзі, якія шчыра падтрымліваюць дзейную ўладу. Аднак ёсць і тыя, хто разумеюць несправядлівасць.

«Яны і па-рознаму выконваюць інструкцыі, якія не яны прыдумалі. Нехта больш спачувае. Гэта бачна нават па манеры размовы. Розныя людзі».

***

Паводле звестак праваабарончага цэнтру «Вясна» ад пачатку выбарчай кампаніі ў Беларусі было затрымана больш за тысячу чалавек. Большасць з іх адпусцілі праз некалькі гадзінаў пасля затрыманняў, некаторым далі штрафы, іншых – адправілі на содні. Яшчэ 22 чалавекі сталі фігурантамі крымінальных справаў.

Найбольш масавыя затрыманні адбыліся 18, 19 чэрвеня, а таксама 14 і 15 ліпеня. Яны былі звязаныя з затрыманнем аднаго з кандыдатаў Віктара Бабарыкаю, а таксама адмоваю ў ягонай рэгістрацыі.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Стужка навінаў