СМІ: 27 грамадзянаў Бельгіі атрымліваюць пенсіі за лаяльнасць Гітлеру падчас вайны


У Бельгіі 27 чалавек, якія атрымалі нямецкае грамадзянства ў часы Трэцяга рэйху за «лаяльнасць, вернасць і паслухмянасць» Гітлеру або далучыліся да СС, усё яшчэ атрымліваюць нямецкія пенсіі. Пра гэта піша газета De Morgen.

Алвін дэ Конінк, сябар «Групы памяці» (у яе ўваходзяць вязні канцэнтрацыйных лагераў Трэцяга рэйху і іх нашчадкі) сцвярджае, што гаворка ідзе пра пенсіі для калабарантаў і былых жаўнераў СС у памеры ад 425 да 1275 еўра ў месяц. Імаверна, маецца на ўвазе, што гэтыя людзі атрымліваюць яшчэ і звычайную бельгійскую пенсію.

Пры гэтым бельгійцы, якім даводзілася працаваць на прымусовых работах у Нямеччыне падчас вайны, атрымлівалі штомесячную кампенсацыю ўсяго ў памеры 50 еўра. Менавіта гэта выклікала абурэнне грамадства і медыяў Бельгіі.

Рашэннем Патсдамскай канферэнцыі ўсе ўказы, выдадзеныя Гітлерам, былі адмененыя, але былі і выключэнні. Пасля 1949 года ФРГ стала правапераемнікам Трэцяга рэйха ў рамках міжнароднага права і ўсіх абавязкаў, уключаючы пенсійныя правы. Як сцвярджае дэ Конінк, з 80 тысяч бельгійцаў, асуджаных за супрацу з нацыстамі пасля вайны, 38 тысяч атрымалі дадатковую нацысцкую ваенную пенсію.

Інфармацыя пра такія выплаты стала даступнай з 2016 года, калі ўступіла ў сілу пастанова ЕЗ, якая абавязала краіны абменьвацца інфармацыяй аб пенсіях, што выплачваюцца з-за мяжы.

Праблему ўжо абмеркавалі ў бельгійскім парламенце. Урад заклікаў «тэрмінова вырашыць гэтую праблему дыпламатычным шляхам».

КА, belsat.eu

Стужка навінаў