Смерць дзеля перамогі. Сабралі прыклады вядомых галадаванняў па ўсім свеце


Блогер і палітычны вязень Ігар Лосік галадуе з 15 снежня 2020 года на знак пратэсту супраць сваёй няволі. Хлопец застаецца за кратамі і больш за паўгода не бачыў сям’і – жонкі і двухгадовай дачкі. У сваіх лістах на волю Ігар пастаянна піша пра тое, што мае намер ісці да канца, бо іншых шляхоў выказаць сваю пазіцыю ў яго не засталося. «Белсат» прыгадвае гісторыі іншых знакамітых галадаванняў. Ці мелі яны поспех?

Партрэт Ігара Лосіка. Студзень 2021 года.
Фота: ТК / «Белсат»

Дэпутаты Вярхоўнага Савету

Гэтая гісторыя адбывалася на самым пачатку кіравання Аляксандра Лукашэнкі. У сакавіку 1995 года ён запрапанаваў вынесці на рэферэндум адразу некалькі важных пытанняў: наданне расейскай мове статусу дзяржаўнай, замена афіцыйных сімвалаў з Пагоні і бел-чырвона-белага сцяга на савецкія, інтэграцыя з Расеяй і права прэзідэнта распускаць Вярхоўны Савет у выпадку парушэння Канстытуцыі.

Галадаванне ў Вярхоўным Савеце 11–12 красавіка 1995 года.
Фота: радыё «Свабода»

11 красавіка таго ж года большасць дэпутатаў выказаліся за правядзенне рэферэндуму, але не пагадзіліся на вынясенне трох пытанняў з чатырох. Але Лукашэнка заявіў, што ўсё роўна будзе праводзіць гэты рэферэндум. У выніку 19 дэпутатаў Вярхоўнага Савету на чале са старшынёю Таварыства беларускае мовы Алегам Трусавым пачалі галадаванне адразу ў зале, дзе адбываліся паседжанні.

Але ў ноч на 12 красавіка дэпутатаў, якія галадавалі, разагналі. Рэферэндум правялі. А потым некаторыя відавочцы падзеяў называлі галадаванне і збіццё дэпутатаў «канцом дэмакратыі ў Беларусі».

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў

Галадаванне 1995 года не была адзінаю спробаю беларускіх парламентарыяў выказаць сваю нязгоду з рэжымам Лукашэнкі. 3 чэрвеня 2004 года дэпутацкая група «Рэспубліка» пачала галадаванне, каб дамагчыся зменаў у выбарчым кодэксе, а таксама супраць рэферэндуму аб працягненні тэрмінаў Лукашэнкі. Таксама яны выступалі за вызваленне з турмы былога амбасадара і міністра вонкаваэканамічных сувязяў Міхася Марыніча. У акцыі ўзялі ўдзел Фралоў, Парфяновіч і Скрабец.

Адзін з дэпутатаў-галадоўнікаў Сяргей Скрабец

Іхнае галадаванне цягнулася да 21 чэрвеня 2004 года – 18 дзён. Нягледзячы на не моцна развіты інтэрнэт, яна выклікала буйную дыскусію ў сеціве. Інтэрнэт-карыстальнікі… кпілі з галадоўнікаў. Але потым палітолагі ацэньвалі падзеі чэрвеня 2004 года як даволі паспяховыя.

«Калі не рэзананс, дык хаця б розгалас аказаўся вельмі шырокім. Прычым улады самі гэтаму паспрыялі. Маюцца на ўвазе тэлевізійныя сюжэты і каментары з нагоды акцыі. Зразумела, што ацэнкі насілі негатыўны характар, але ж антырэклама – гэта таксама рэклама», – казаў палітолаг Вячаслаў Бабровіч.

Сяргей Каваленка

Віцебскі актывіст партыі КХП БНФ Сяргей Каваленка стаў вядомым пасля таго, як 7 снежня 2010 года вывесіў бел-чырвона-белы сцяг на галоўнай ялінцы Віцебску. Ужо праз тры дні ён апынуўся ў СІЗА паводле абвінавачання ў ч. 1 арт. 339 КК РБ («Наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак») і ч. 2 арт. 363 («Супраціў работніку праваахоўных органаў пры выкананні ім службовых абавязкаў»). 13 сакавіка 2010 года яго вызвалілі пад падпіску пра нявыезд.

Рэпартэр
Сяргей Каваленка – чалавек-сцяг
2012.12.26 22:00

Але ўжо хутка Каваленку некалькі разоў паўторна затрымлівалі. У канцы снежня 2011 года Каваленку зноў арыштавалі і абвінавацілі ў парушэнні рэжыму адбывання пакарання. З 19 снежня 2011-га палітычны вязень трымаў сухое галадаванне на знак пратэсту свайго затрымання – цалкам адмаўляўся ад ежы ды пітва. Нягледзячы на спробы адміністрацыі турмы гвалтоўна карміць вязня, за два месяцы ён скінуў 50 кілаграмаў і моцна падарваў здароўе.

Пасля яго некалькі разоў выпускалі ды адразу ж затрымлівалі і судзілі жонку актывіста. Каб спыніць пераслед, Каваленка некалькі разоў абвяшчаў галадаванні. У выніку ў 2013 годзе ён з’ехаў у Польшчу.

Маці-328

Аб’яднанне сваякоў і блізкіх людзей, асуджаных на вялікія тэрміны паводле «наркатычнага» артыкулу 328 хіба што ад адчаю вырашылі пайсці на крайнія захады, каб дамагчыся вызвалення сваіх дзяцей.

Прадстаўніцы Матчынага руху 328. Ілюстрацыйны здымак.
Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

27 красавіка 2018 года дзесяць жанчын, чыіх дзяцей асудзілі паводле арт. 328, распачалі бестэрміновае галадаванне. Яны патрабавалі, каб іх пачулі ды сустрэчы з Лукашэнкам. Агулам у галадоўцы ўзялі ўдзел 24 асобы.

У выніку жанчыны сустрэліся з Наталляю Качанавай, але размова з тагачаснаю кіраўніцай Адміністрацыі прэзідэнта не прынесла карысці. Маці галадалі 22 дні. Потым яны паўтаралі акцыю яшчэ двойчы: у 2019 і 2020 гадах, таксама былі адзінкавыя акцыі галадавання.

У выніку антынаркатычнае заканадаўства ў Беларусі нязначна змянілі, таксама ўлады правялі некалькі амністыяў, якія закранулі і дзяцей маці-328.

Гарачы каментар
Галадоўніца з руху «Маці 328»: Толькі Лукашэнка можа скончыць вар’яцтва
2018.04.27 22:44

Алег Сянцоў

Гэта адно з найбольш вядомых галадаванняў апошняга часу, што атрымала розгалас па ўсім свеце. Украінскага рэжысёра Алега Сянцова арыштавалі расейскія ўлады ўвесну 2014 года, а ў жніўні 2015-га мужчына атрымаў 20 гадоў турмы за нібы тэрарыстычную дзейнасць.

Алег Сянцоў на свабодзе ў Кіеве.
Фота: Reuters / Forum

Сянцоў адмаўляўся ад ежы з траўня 2018 года цягам 145 дзён. Галоўная мэта – вызваленне ўсіх украінскіх палітычных вязняў з расейскіх турмаў. На падтрыманне рэжысёра выступалі галівудскія і расейскія зоркі. Пад канец галадавання стан здароўя мужчыны ацэньвалі як вельмі крытычны. Але ён выжыў, патрабаванні былі выкананыя праз год.

Сянцова вызвалілі ў 2019 годзе ў межах абмену вайсковапалоннымі паміж Расеяй і Украінай. Цяпер рэжысёр ва Украіне.

Бобі Сэндс

Гэтая гісторыя – адно з найбольш вядомых змаганняў ірландцаў супраць англічанаў. Бобі Сэндс быў сябрам Ірландскай рэспубліканскай арміі, які сядзеў у турме за сваю дзейнасць.

Бобі Сэндс стаў ініцыятарам галадавання 1981 года. Разам з яшчэ дзесяццю паплечнікамі ён змагаўся за права не насіць турэмнай уніформы, не выконваць турэмнай працы, права на свабоду сувязі з іншымі палітычнымі вязнямі, арганізацыю адукацыйных і забаўляльных імпрэзаў, на візіт і пасылку раз на тыдзень, на поўнае памілаванне.

На жаль, гэтае галадаванне скончылася смерцю на 66-ты дзень. Ці было яно паспяховым? Яно стала прычынаю прытоку новых прыхільнікаў у ІРА ды агульнай радыкалізацыі ірландскіх нацыяналістаў.

У турме Бобі Сэндс вёў дзённік, які зрабіўся асноваю для мастацкага фільму «Голад». Карціна, дарэчы, атрымала «Залатую пальмавую галіну» ў Канах.

Магатма Гандзі

Стваральнік руху негвалтоўнага супраціву Магатма Гандзі неаднаразова выкарыстоўваў галадаванні, каб выразіць свой пратэст супраць каланізатараў. Першая была ў 1918 годзе, калі англічане ўвялі законы, якія моцна абмяжоўвалі грамадзянскія правы індыйцаў.

Магатма Гандзі.
Фота: pixabay.com

У 1933 годзе ён правёў 21-дзённае галадаванне супраць пратэсту на стаўленне да кастаў недатыкальных. Праз 10 гадоў ён паўтарыў гэтую акцыю.

У 1947 годзе, калі Індыя атрымала незалежнасць ад Вялікай Брытаніі: каб выразіць свой смутак наконт адасаблення Пакістану ад Індыі ды сутыкненняў паміж сікхамі, індуістамі і мусульманамі.

12 студзеня 1948 года Махатма Гандзі правёў апошняе, 5-дзённае, галадаванне.

***

Гісторыі
«Я прашу ў кожным лісце спыніць галадаванне». Як жыве сям’я Ігара Лосіка, пакуль ён за кратамі
2021.01.07 13:48

Ігар Лосік – стваральнік папулярнага інтэрнэт-праекту «Беларусь головного мозга». Яго ва ўласным доме затрымалі 25 чэрвеня 2020 года. Ігара вінавацяць у арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць масавы парадак, а потым дадалі яшчэ абвінавачанне ва ўдзеле ў масавых закалотах.

Пасля выстаўлення новага абвінавачання і працягнення тэрміну ўтрымання пад вартаю Ігар абвясціў бестэрміновае галадаванне.

Падтрымаць Ігара можна лістом. Напішыце яму на адрас: Следчая турма № 8, 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая 22А.

Ксенія Тарасевіч, belsat.eu

Стужка навінаў