СК пацвердзіў арышт гендырэктара «Брансксельмашу»


Валерый Сулееў. Фота - http://gorodbryansk.info

Следчы камітэт пацвердзіў факт затрымання генеральнага дырэктара расейска-беларускага прадпрыемства «Брансксельмаш» Валерыя Сулеева, пра што ўчора паведамілі расейскія СМІ.

«Следчым упраўленнем УСК па Гомельскай вобласці працягваецца расследаванне крымінальнай справы аб атрыманні хабару ў памеры 1 мільёна рублёў Расейскай Федэрацыі намеснікам дырэктара і былым начальнікам аддзелу ААТ «Гомельскі завод ліцця і нармалей». З доказамі злачынства затрыманыя хабараатрымальнікі і хабарадавальнік – генеральны дырэктар сумеснага беларуска-расейскага прадпрыемства, 54-гадовы грамадзянін Беларусі. Да ўказаных асобаў ужыта мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту, ім прад’яўлена абвінавачванне. Абвінавачаныя даюць прызнальныя паказанні. У зробленым раскайваюцца», – паведамляе сайт СК.

Пад «хабарадавальнікам», відавочна, маецца на ўвазе Валерый Сулееў. Паводле расейскіх СМІ ён 30 чэрвеня з’ехаў у Беларусь і перастаў выходзіць на сувязь.

«Брансксельмаш» створаны ў жніўні 2005 года як сумеснае прадпрыемства «Гомсельмаша» і «Брансксельгасмаша». Асноўныя віды дзейнасці – вытворчасць і рэалізацыя сельскагаспадарчай тэхнікі і запасных частак да яе, а таксама гарантыйнае і сэрвіснае абслугоўванне сваёй прадукцыі.

ААТ «Гомельскі завод ліцця і нармалей» – адно з прадпрыемстваў канцэрну «Гомсельмаш».

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары