Сілавікі распачалі пераслед фірмаў сына Ліліі Уласавай


Барыс Уласаў – старэйшы сын чальца Каардынацыйнай рады Ліліі Уласавай – лічыць, што ягоны бізнес і супрацоўнікаў фактычна ўзялі ў закладнікі дзеля ціску на маці.

Днём 31 жніўня Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржкантролю затрымаў чальца прэзідыума Каардынацыйнай рады, вядомага юрыста і медыятара Лілію Уласаву. У доме Уласавай прайшоў двухгадзінны ператрус, падчас якога быў канфіскаваны жорсткі дыск яе камп’ютара, ноўтбук мужа і некалькі флэшак.

«У пастанове на ператрус было ўказана, што следчыя дзеянні ў доме Ліліі Уласавай праводзяцца ў рамках расследавання падатковых парушэнняў фірмамі «Мерлінтур» і «ПолетКонсалт». Адным з асноўных заснавальнікаў гэтых кампаніяў зʼяўляецца старэйшы сын Ліліі Уладзіміраўны Барыс Уласаў. Абедзве фірмы існуюць і працуюць не адзін дзясятак гадоў, неаднаразова праходзілі падатковыя і іншыя праверкі», – падкрэсліваецца ў прэс-рэлізе, распаўсюджаным сямʼёй Ліліі Уласавай.

Беларуска-французскае сумеснае прадпрыемства «Мерлінтур» – адна з найстарэйшых турыстычных фірмаў Беларусі. Таксама ад Барыса Уласава стала вядома, што ў офісах і дамах супрацоўнікаў фірмаў былі праведзеныя ператрусы, генеральны дырэктар «Мерлінтур» таксама затрыманая. Акрамя таго, канфіскавана абсталяванне, што робіць немагчымым паўнавартасную працу кампаніі.

«Барыс Уласаў разглядае тое, што адбываецца, як узяцце бізнесу і супрацоўнікаў у закладнікі дзеля ціску на ягоную маці Лілію Уласаву. А таксама лічыць, што такое грубае ўмяшанне і ціск будзе для замежных інвестараў выразным індыкатарам умоваў вядзення бізнесу», – адзначаецца ў заяве.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў