Шукалі нешта ў справе абразы пракуроркі: больш за 9 гадзінаў доўжыўся ператрус у Гомельскім грамадска-палітычным цэнтры


Дзевяць з паловаю гадзінаў доўжыўся ператрус у Гомельскім грамадска-палітычным цэнтры. Адначасова адбываўся ператрус у справе Уладзіміра Няпомняшчых, якога абвінавачваюць у пагрозе гомельскай пракурорцы.

З грамадска-палітычнага цэнтру на вуліцы Палескай сканфіскавалі тэхніку, носьбіты інфармацыі, нацыянальныя сцягі, банкаўскія карткі, а таксама дакументы, датычныя прававой дапамогі пакараным адміністратыўна.

«Гэта робіцца з дзвюх прычынаў: першая прычына і мэта – запалохаць у межах акцыі агульнага застрашвання, а другая прычына – зрабіць так, каб праца была на нейкі перыяд паралізаваная: калі забіраюць камп’ютары, нейкія дакументы – гэта стварае пэўныя перашкоды», – мяркуе праваабаронца Васіль Палякоў.

Ператрус у Гомельскім грамадска-палітычным цэнтры.
Фота: Белсат

Ператрусы ў справе Уладзіміра Няпомняшчых адбыліся таксама ўдома ў Леаніда Судаленкі, Мікалая Новікава і Васіля Палякова. Праваабаронца лічыць, што праводзіць ператрус у межах справы пра абразу – гэта не нагода нешта шукаць, а тым больш нешта знайсці.

«Там былі тыя ж самыя следчыя, той самы пракурор даваў санкцыі, і ўсё гэта датычыць справы Уладзіміра Няпомняшчых. І ў пастановах было гэтак і напісана: што на гэтых адрасах могуць заставацца прадметы, якія маюць дачыненне да справы. Якія гэта прадметы – яны і самі не ведаюць», – кажа Васіль Палякоў.

Праваабаронцы кажуць, што гэткія дзеянні ўладаў наўрад ці змогуць перашкодзіць іхнае працы.

«Мы ўжо некалькі разоў праходзілі праз гэткія ператрусы, таму будзем спадзявацца, што нашая праца працягнецца, і мы вельмі хутка зможам аднавіць аргтэхніку, – кажа Васіль Палякоў. – Ну, і гэта не запалохае тых актывістаў, якія прыходзілі на Палескую, якія карысталіся паслугамі ў складанні скаргаў, якія звярталіся па дапамогу, карысталіся офісам. Гэта будзе, наадварот, спрыяць большае згуртаванасці ды імкненню да таго, каб у гэтай краіне нешта памянялася».

Ператрус у Гомельскім грамадска-палітычным цэнтры. Фота: Белсат
Ператрус у Гомельскім грамадска-палітычным цэнтры. Фота: Белсат
Ператрус у Гомельскім грамадска-палітычным цэнтры. Фота: Белсат

Пасля ператрусу міліцыянты таксама забралі на гутарку праваабаронцу Леаніда Судаленку, але праз некалькі гадзінаў адпусцілі.

Сябра АГП, былы міліцыянт і пенсіянер МУС Уладзімір Няпомняшчых застаецца пад арыштам да суда ў справе пра абразу гомельскай пракуроркі Алесі Жураўскай. Пасля абвяшчэння прысуду ў справе пра ўзняцце ў Гомлі нацыянальнага сцяга Уладзімір Няпомняшчых сказаў, што «адказнасць за гэты прысуд будуць несці ўсе чальцы арганізаванае злачыннае групоўкі». Памочніца пракурора Гомля Алеся Жураўская ўспрыняла гэтыя словы на свой адрас.

Ганна Вашчанка belsat.eu

Стужка навінаў