Што рабіць, калі на выбары не будзе працаваць інтэрнэт? Некалькі асноўных парадаў

Праблемы з мабільным інтэрнэтам сталі адной з рысаў гэтай перадвыбарчай кампаніі. Пры гэтым улады не выключаюць, што могуць цалкам яго адключыць.

Ці варта хвалявацца?

На ўсіх апошніх буйных апазіцыйных акцыях у Менску наведнікі сутыкаліся з адсутнасцю інтэрнэту і нават перабоямі ў працы звычайнай мабільнай сувязі. Гэтак было 30 ліпеня падчас мітынгу-канцэрту Святланы Ціханоўскай на Бангалоры і 6 жніўня на акцыі ў Кіеўскім скверы пасля таго, як гукарэжысёры ўключылі «Перемен» Віктара Цоя. Праблемы з выхадам у глабальную сетку ўзнікалі і ў лідара «Маладога фронту», калі ягоную хату ачапіла міліцыя.

І хоць афіцыйных паведамленняў пра абмежаванне інтэрнэту няма, самі ўлады не выключаюць такой магчымасці. Гэтак, паводле кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Дзмітрыева, старшыня Савету бяспекі Андрэй Раўкоў заявіў, што калі яны пабачаць непасрэдную пагрозу, якая сыходзіць з онлайну, блакаванне інтэрнэту магчымае.

МУС Беларусі: інтэрнэт стаў тэхналогіяй «каляровых рэвалюцый», сацыяльна-палітычнага напружання ў грамадстве не існуе

Тэхналогіяй «каляровых рэвалюцыяў» назваў інтэрнэт і першы намеснік МУС Беларусі Генадзь Казакевіч. Паводле ўладаў, «каляровую рэвалюцыю» ці «майдан» апазіцыя плануе арганізаваць у дні пасля заканчэння галасавання на прэзідэнцкіх выбарах.

Ускосным доказам планаў адключэння інтэрнэту можа быць і факт заўчасных выплатаў пенсіяў і сацыяльных дапамогаў грамадзянам перад выбарамі. Бо ў выпадку адсутнасці інтэрнэту не будуць працаваць таксама інтэрнэт-банкінг, плацежныя тэрміналы і гэтак далей. Але гэта можа быць, вядома, і сродкам подкупу электарату напярэдадні выбараў.

Святлана Ціханоўская: Лукашэнка «майданам» палохае бабуль. Ніхто з нас не хоча крыві

А што кажа закон?

Беларускае заканадаўства прадугледжвае магчымасць адключэння краіны ад сусветнага павуціння.

Гэтак, паводле закону ад 19 ліпеня 2005 года «Аб электрасувязі» аказанне паслуг электрасувязі могуць прыпыніць або абмежаваць пры ўзнікненні надзвычайных сітуацыяў, увядзенні надзвычайнага або ваеннага становішча.

Таксама і закон ад 15 ліпеня 2015 года «Аб аператыўна-вышуковай дзейнасці» дапускае перапыненне злучэнняў у сетках электрасувязі пры правядзенні кантролю ў іх у выпадку ўзнікнення непасрэднай пагрозы жыццю або здароўю грамадзяніна або нацыянальнай бяспецы Беларусі.

У Кіеўскім скверы амаль не было сувязі. Фота: Аліса Ганчар / Belsat.eu

Пры прыняцці адпаведных рашэнняў любы правайдар, які мае ліцэнзію на наданне паслуг электрасувязі, абавязаны прыпыніць ці абмежаваць іх аказанне.

Пры гэтым, паводле падлікаў сэрвісу COST ад NetBlocks і Internet Society, кожны дзень закрыцця інтэрнэту на ўсёй тэрыторыі краіны будзе каштаваць Беларусі $ 56,4 млн.

Што рабіць?

У такім разе, з улікам таго, што верагоднасць блакавання інтэрнэту ў Беларусі сапраўды існуе, якія крокі можна зрабіць, каб быць на сувязі ў найбліжэйшыя дні. Мы падрыхтавалі для вас адмысловую шпаргалку на гэты конт.

У выпадку, калі будуць блакавацца асобныя інтэрнэт-сайты, варта карыстацца рознымі VPN-сэрвісамі (Virtual Private Network). Тэхналогія VPN хавае звесткі карыстальніка ад правайдара інтэрнэту, які не можа кантраляваць карыстальніцкі трафік. У выніку гэта дае чалавеку дадатковую абарону яго ў асабістым жыцці, а таксама дазваляе адкрываць заблакаваныя на ўзроўні правайдара рэсурсы.

Фото: Таня Капитонова / «Белсат»

Калі ж у мабільных сетках скарыстацца тэхналогіяй 3G не атрымаецца, але ў наяўнасці будзе EDGE 2G, нашы чытачы змогуць атрымліваць пушы праз прыкладанне «БелсатТВ» або RSS.

Мэсэнджары без інтэрнэту

У выпадку, калі інтэрнэт не будзе працаваць зусім, раім карыстацца мэсэнджарамі, якія працуюць без яго.

Гэтак, аўтаномны мэсэнджар Bridgefy выкарыстоўвае Bluetooth сувязь тэлефона для ўстанаўлення злучэння з іншымі смартфонамі, на якіх запушчанае прыкладанне. Пасля налады прыкладанне дазваляе кантактаваць з карыстальнікамі Bridgefy у радыусе 100 метраў ад вас. Праўда, чалавек павінен быць у вашым спісе кантактаў.

Вы можаце адправіць паведамленні з end-to-end шыфраваннем аднаму чалавеку або стварыць групу для адначасовых стасункаў з некалькімі людзьмі. Таксама прыладу можна выкарыстоўваць для перадачы малюнкаў без актыўнага падлучэння да інтэрнэту і нават без уліковага запісу карыстальніка. Але праверка вашага нумара тэлефона можа паскорыць выяўленне карыстальнікаў.

Bridgefy таксама валодае рэжымам трансляцыі, які дазваляе адпраўляць паведамленні ўсім карыстальнікам паблізу адначасова. Гэтая функцыя таксама працуе для карыстальнікаў, якіх няма ў вашым спісе кантактаў.

Парады на 9 жніўня. Інфаграфіка: belsat.eu

Яшчэ адно бясплатнае прыкладанне для аўтаномнага абмену паведамленнямі без інтэрнэту – FireChat. У дадатку да Bluetooth яно таксама выкарыстоўвае Wi-Fi, што дазваляе карыстальнікам адпраўляць тэкставыя паведамленні, калі няма падлучэння да інтэрнэту або сотавай сувязі.

Але FireChat мае радыус толькі каля 60 метраў. Для паведамленняў таксама выкарыстоўваецца скразное шыфраванне, таму ніхто не даведаецца пра размову. Вялікі недахоп прыкладання – неабходнасць стварэння ўліковага запісу.

«Белсат» жа ў дзень выбараў, 9 жніўня, а 8:00 распачне беспрэцэдэнтны 18-гадзінны жывы эфір. Нашы журналісты» будуць працаваць у штабах усіх альтэрнатыўных кандыдатаў, адкуль цягам дня зарганізуюць наўпроставыя ўключэнні. Мы будзем асвятляць хаду галасавання, сітуацыю вакол падліку галасоў і рэакцыю грамадзянаў. Выбарчыя ўчасткі зачыняцца а 20:00. Пасля гэтага могуць распачацца акцыі пратэсту.

Сачыць за эфірам можна будзе ў тым ліку праз спадарожнік.

Глядзіце выбарчы вечар на «Белсаце», нават калі заблакуюць інтэрнэт

Максім Гацак belsat.eu

Hавiны