Што новага ў беларускай абароне і палітыцы бяспекі?


Улады Беларусі дэманструюць няхай яшчэ не фундаментальныя, але заўважныя змены ў стаўленні да гісторыі краіны і нацыі, а таксама канцэпцыі беларускага суверэнітэту. Пра гэта напісаў у прадмове да адзінага беларускага незалежнага часопісу аб праблемах бяспекі «Варта» былы міністр нацыянальнай абароны Польшчы Януш Анышкевіч.

Выданне разлічанае ў значнай ступені на функцыянераў, вайскоўцаў і экспертаў, тых, хто вызначае і прымае рашэнні ў сферы палітыкі ў Беларусі і адносна Беларусі.

Першы нумар часопісу «Варта»

Ад вялікай палітыкі да шлема звычайнага пехацінца

Выданне, у якім удзельнічае ўся каманда адзінага беларускага незалежнага праекту па пытаннях нацыянальнай бяспекі Belarus Security Blog, піша пра змены ў краіне і пра тое, якія ўмовы, паўсталі ў выніку таго, што Масква з 2008 года выразна перастала паважаць межы постсавецкіх дзяржаў і іхныя правы на вызначэнне ўласнай унутранай і знешняй палітыкі.

Гэтак, нумар распавядае, як Беларусь шукае цяснейшага палітычнага і ваенна-тэхнічнага партнёрства з Азербайджанам і Казахстанам у якасці супрацьвагі Маскве. Закранутыя пытанні расейскай інфармацыйнай вайны і хакерскіх атак супраць Беларусі, апісваюцца змены ў адносінах паміж Менскам і Крамлём.

У часопісе закранаюцца пытанні расейскай інфармацыйнай вайны і хакерскіх атак супраць Беларусі, апісваюцца змены ў адносінах паміж Менскам і Крамлём.

Грунтоўныя артыкулы прысвечаныя фармаванню беларускай памежнай аховы і таму, колькі будзе каштаваць абсталяванне мяжы з Расеяй, а таксама новым тэндэнцыям у беларуска-ўкраінскіх і беларуска-літоўскіх адносінах. Вывучаецца нават такая мала заўважальная ў СМІ, але пры гэтым значная для дзяржавы, тэма, як беларуская фундаментальная навука.

Каб бачылі Беларусь беларускімі вачыма

«Ідэя часопісу прыйшла пасля даволі доўгага часу камунікацыі з калегамі з краінаў Захаду. Я заўважаў, што вельмі часта іх уяўленні пра Беларусь і асабліва пра сферу нацыянальнай бяспекі нашай краіны былі спрошчанымі і абмежаванымі, базаваліся на сціплых і вельмі тэндэнцыйных паведамленнях як некаторых заходніх, гэтак і расейскіх медыяў», – сказаў галоўны рэдактар часопісу Зміцер Міцкевіч.

Выданне выходзіць толькі на ангельскай мове.

«Толькі на ангельскай»

«Справа ў тым, што асноўнай праблемай у адносінах паміж Беларуссю і суседнім краінамі з’яўляецца той факт, што мы вельмі мала ведаем адзін пра аднаго. Напрыклад, беларусам абсалютна невядомыя праблемы Польшчы, а палякі не маюць уяўлення, якія фактары ўплываюць на сітуацыю ў галіне нацыянальнай бяспекі ў Беларусі», – сказаў рэдактар.

У сувязі з тым, што асноўная мэтавая аўдыторыя выдання – дыпламаты, палітыкі, ваенныя спецыялісты і эксперты па бяспецы – выданне выходзіць толькі на ангельскай мове.

«Вельмі важна, каб гэтыя людзі мелі рэальную карціну таго, што адбываецца ў Беларусі», – дадаў ён.

Аляксандр Гелагаеў, Belsat.eu

Стужка навінаў