Што можа зрабіць для Беларусі Прэзідэнт у выгнанні?

Павел
Усаў
Беларускі палітолаг і аналітык, доктар палітычных навук

Беларускі народ абраў прэзідэнта – гэта Святлана Ціханоўская. Менавіта яна – легітымны кіраўнік дзяржавы, і толькі яна можа лічыцца законным прэзідэнтам краіны. Незалежна ад яе месцазнаходжання і навязаных «пасланняў» яна не павінна адмаўляцца ад галоўнага – яна абраны прэзідэнт.

Відавочна, што Лукашэнка будзе бараніць сваю ўладу любымі сродкамі. Але нават калі яму ўдасца ўтрымацца на пасадзе, кіраваць краінай яму будзе ўжо немагчыма. Рэальнасць такая, што Лукашэнка страціў грамадскае падтрыманне і легітымізаваў сябе. Сёння гарантыяй яго ўлады з’яўляюцца сілавікі і частка наменклатурнага апарата.

Электаральны калапс прывёў да адкрытага супрацьстаяння паміж сістэмай і грамадствам. Аднак улада жорстка і адкрыта выступае супраць агульнай волі народа. Супрацьстаянне і канфрантацыя будуць нарастаць і паглыбляцца, што прывядзе да ахвяр і далейшай дэстабілізацыі сістэмы і дзяржавы. Неабходна падкрэсліць, што адметная рыса цяперашніх пратэстаў у тым, што ў іх ёсць ясны сімвал, мэта, ёсць палітычная місія. Служэнне гэтай місіі будзе з’яўляцца ўнутранай энергіяй росту і ўзмацнення пратэсту.

Ноч з 10 на 11 жніўня. Менск. Фота: Руслан Серадзюк для «Белсат»

Падзеі развіваюцца такім чынам, што можна казаць аб двух магчымых сцэнарах.

1. Вялікая і шырокая мабілізацыя грамадства, нарошчванне сацыяльнага пратэстнага рэсурсу і як вынік – звяржэнне кіруючага рэжыму са шматлікімі стратамі і ахвярамі. Адчувальным ударам па сістэме можа быць працяглая агульнанацыянальная забастоўка ў Беларусі.

2. Нарошчванне мабілізацыйнага і рэпрэсіўнага патэнцыялу з боку рэжыму, аж да ўвядзення надзвычайнага становішча, і жорсткае крывавае падаўленне пратэстаў са шматлікімі ахвярамі.
Любы з гэтых сцэнароў вядзе да глыбокага палітычнага крызісу.

Гледачы. Фота: Руслан Серадзюк для «Белсат»

Спецыфікай цяперашніх пратэстаў з’яўляецца іх сеткавая мабілізацыя і каардынацыя. На дадзены момант няма адзінага каардынацыйнага цэнтру і камітэту, які б мог быць голасам пратэстоўцаў, голасам народа. У людзей ёсць сімвал, ёсць абраны прэзідэнт Святлана Ціханоўская, але яна з прычыны беспрэцэдэнтнага псіхалагічнага і маральнага ціску ўладаў не можа ўзяць на сябе ролю лідара рэвалюцыі і пратэсту. Не можа зрабіць гэтага і абʼяднаны штаб Ціханоўскай.

Эскалацыя канфлікту разбуральная для грамадства і для краіны. Гэта павінны разумець, перш за ўсё ўлады і спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзянскіх актывістаў. Жорсткае падаўленне пратэстаў не дазволіць вывесці краіну з палітычнага крызісу і тупіка.

Кіруючы клас павінен у рэшце рэшт усвядоміць, што адмаўленне імі рэальнасці не верне краіну і грамадства ў ранейшы стан. Наадварот, гэта пагражае хаосам і сур’ёзнымі наступствамі для іх саміх.

Плакат пра мір на тле прымянення сілы. Фота: Руслан Серадзюк для «Белсат»

Кіраўніцтва краіны, выступаючы з пазіцыі інтарэсаў дзяржавы і народа, а не інтарэсаў рэжыму Лукашэнкі, павінна пагадзіцца з неабходнасцю палітычных саступак і шырокага грамадзянскага дыялогу.

З іншага боку, дэмакратычная супольнасць сумесна з прадстаўнікамі Святланы Ціханоўскай, у самыя кароткія тэрміны, павінна стварыць Крызісны Грамадзянскі Камітэт на чале з абраным прэзідэнтам у выгнанні Святланай Ціханоўскай, куды ўвойдуць вядомыя людзі Беларусі – палітыкі, грамадскія дзеячы, палітолагі і эканамісты: Святлана Алексіевіч, Міхаіл Пастухоў, Віктар Марціновіч, Андрэй Курэйчык, Уладзімір Мацкевіч, Андрэй Ягораў, Андрэй Казакевіч, Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Святлана Калінкіна, Аляксандр Класкоўскі, Вольга Кавалькова, Марыя Калеснікава, Ігар Рынкевіч, Алена Анісім, Аляксандр Чубрык, Леанід Заіка, Андрэй Вардамацкі і інш.

Вельмі важна, каб Святлана Ціханоўская не адмовілася ад далейшай палітычнай барацьбы і ўзначаліла гэты Камітэт знаходзячыся за мяжой.

Фота: Belsat.eu

Такія ж Камітэты мае сэнс стварыць ва ўсіх рэгіёнах, абласных і раённых цэнтрах краіны.
У задачу гэтага камітэту павінна ўваходзіць не толькі прадстаўніцтва інтарэсаў грамадства і Святланы Ціханоўскай, але і больш хуткая выпрацоўка патрабаванняў – прапаноў па выхадзе з сітуацыі, якая склалася. Важна, таксама данесці і да міжнароднай супольнасці, што абраны прэзідэнт – Святлана Ціханоўская.
Прадстаўнікі кіруючай эліты і грамадзянскай супольнасці будуць мець усе магчымасці для пошуку кампрамісу і выхаду з крызісу. Гэты дыялог павінен стаць пачаткам палітычнай трансфармацыі ў краіне.

Першачарговымі мэтамі грамадзянска-палітычнага дыялогу з’яўляюцца:

1. Заканчэнне супрацьстаяння і пачатак мірнай трансфармацыя палітычнай сістэмы, уключаючы адстаўку Лукашэнкі;

2. Недапушчэнне распаду сістэмы дзяржаўнага кіравання і забяспечыць пераход палітычнага ўпраўлення да прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасці;

3. Недапушчэнне разбурэння дзяржаўных інстытутаў і перыяду безуладдзя, які мог бы быць выкарыстаны Расеяй у сваіх інтарэсах.

Я лічу, што адзіным выхадам для дабра ўсёй краіны і народа з’яўляецца шырокі нацыянальны дыялог (у цэнтры і рэгіёнах) і працэс дэмакратызацыі краіны на ўсіх узроўнях, у выніку якога ўлада павінна апынуцца ў руках абранага народам прэзідэнта Святланы Ціханоўскай.

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Тэгі:

Больш матэрыялаў