Што будзе, калі ён застанецца

Лукашэнка перакананы, што ягоны голас палічылі правільна. Фота са старонкі кіраўніка краіны

Беларусы зрынаюць уладу, рэжым выкарыстоўвае ўсе рэсурсы дзеля яе ўтрымання. Што будзе з краінай, калі ў гэтым супрацьстаянні ўлада застанецца ў руках Лукашэнкі?

1. Правіць далей Лукашэнка зможа толькі гвалтам і толькі праз гвалт і тэрор. Загнаць людзей па дамах – гэта яшчэ не значыць здушыць пратэст. Каб размыць сацыяльную базу актыўнага супраціву, трэба прымусіць тысячы людзей з’ехаць за мяжу. Сасланні ды выгнанні заўсёды былі адным з метадаў тэрору;

На станцыі метро Пушкінская. Менск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Belsat.eu / Vot-tak.tv

2. Верагодна, што супраціў пяройдзе ў новую фазу – фазу падрыўной дзейнасці: сабатажу, ціску (псіхалагічны прэсінг) і помсты ў адносінах да ўсіх прадстаўнікоў улады ад чыноўнікаў да сілавікоў, ад чальцоў камісіяў да «журналістаў-прапагандыстаў». Цяпер уладам неабходна прыставіць па два амапаўцы для аховы кожнага зорнага прапагандыста і ідэолага. Асаблівая ахова спатрэбіцца Канапацкой, Чэрачню, Дзмітрыеву. Яны будуць успрымацца толькі як марыянеткі рэжыму, і любая іхная спроба «высунуцца» будзе ацэньвацца як жаданне зрабіць кар’еру на крыві беларусаў. Некамфортна будзе і «прыгажуням» Лукашэнкі. Іх усмешкі не прыкрыюць крыві на ягоных руках. Ім варта ўжо цяпер задумацца над зменай месца працы, каб не паўтарыць лёс Евы Браўн або Клары Петачы. Быць цяпер побач з Лукашэнкам – гэта нязмыўная пляма ганьбы на ўсё жыццё;

3. Маштабныя пратэсты будуць спрыяць умацаванню нацыянальнай самаідэнтычнасці і самасвядомасці. Рэвалюцыя 2020 году – гэта беларуская, нацыянальная рэвалюцыя. Гэта адно з ключавых дасягненняў усяго працэсу. Як мне падаецца, беларусы зразумелі, што гэта іх краіна і іх адказнасць;

4. Лукашэнка не зможа захаваць рэспубліку як вотчыну для сваёй сям’і. Яго схаваныя надзеі перадаць уладу сыну – абрынуліся. У гэтых умовах няма сэнсу мяняць канстытуцыю і выбудоўваць механізм транзіту ўлады. Гэты рэжым праіснуе ў горшым выпадку столькі, колькі зможа пражыць Лукашэнка, у лепшым – да новай рэвалюцыі. Спадчынным аўтарытарызм не стане. Любая спроба перадаць-прыняць уладу ўнутры клана павернецца маштабнай рэвалюцыяй;

Барыкады каля ўніверсама «Рыга». Менск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г.
Фота: Belsat.eu / Vot-tak.tv

5. Выкажу здагадку, што гэта былі апошнія «выбары» прэзідэнта. Іншых такіх ні сістэма, ні Лукашэнка не вытрымае. Таму верагодная карэкцыя Канстытуцыі (або палажэнне «парламента»), якая максімальна падоўжыць тэрмін яго праўлення або зробіць яго пажыццёвым кіраўніком. Гэта патлумачаць няўстойлівай і крытычнай сітуацыяй у рэспубліцы. Зразумела, што пытанне «законнасці», легітымнасці тут ужо наагул не стаіць;

6. Рэальная пагроза страты ўлады, паўстанне нацыі робіць рэспубліку чужым і варожым асяроддзем для Лукашэнкі і ягонага атачэння. Калі яны не могуць захаваць яе для сябе ў доўгатэрміновай перспектыве, значыць яны пачнуць яе рабаваць і прадаваць, па прынцыпе: «дык не даставайся ж ты нікому». Верагодна пачнецца інтэнсіўная выкачка рэсурсаў і пераклад актываў у больш бяспечныя месцы, што будзе гарантаваць спакойнае існаванне на потым;

Вы здабылі мір, мы яго зберажом!
Фота: Руслан Серадзюк / «Белсат»

7. Палітыка ва ўмовах ваеннага рэжыму будзе патрабаваць велізарных выдаткаў, што адаб’ецца на дабрабыце грамадзянаў. У выніку яны стануць супольнасцю, якую толькі эксплуатуюць.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў