[vc_row][vc_column][vc_raw_html]JTNDaWZyYW1lJTIwd2lkdGglM0QlMjI1NjAlMjIlMjBoZWlnaHQlM0QlMjIzMTUlMjIlMjBzcmMlM0QlMjJodHRwcyUzQSUyRiUyRnd3dy55b3V0dWJlLmNvbSUyRmVtYmVkJTJGYkJZWGtrM2REb3MlMjIlMjBmcmFtZWJvcmRlciUzRCUyMjAlMjIlMjBhbGxvd2Z1bGxzY3JlZW4lM0UlM0MlMkZpZnJhbWUlM0U=[/vc_raw_html][vc_column_text]Мёрцы распавядаюць, што мясцовы неагатычны касцёл напачатку мінулага стагоддзя ксёндз Юзаф Бародзіч пабудаваў крыху больш як за год. Каб пабудаваць шпіталь, ягоным нашчадкам не хапіла і трыццаці.
У наступным годзе ў Мёрах адзначаць трыццацігоддзе будаўніцтва раённага шпіталю – не адкрыцця, а менавіта будаўніцтва.
Грамадскі актывіст Багуслаў Мацук прыгадвае, што праект шпіталю быў падрыхтаваны ў 1986-м годзе: «Будаўніцтва пачалося ў 1986-м або 1987-м. І вось яна будуецца да сёння».
Будаўніцтва некалькі разоў спынялася з прычыны нястачы сродкаў. Шпіталь ужо амаль дабудавалі, праклалі камунікацыі, але варта было будоўлі на момант спыніцца, то матэрыялы – вокны, батарэі і г. д. – імгненна раскрадалі.
«Нам уціраюць увесь час, што грошай няма. А на гэтым шпіталі шмат хто з кіраўнікоў пабудаваў сабе лецішчы і дамы, і выдатна пачуваюцца», – кажа Мацук.
Кожныя новыя мясцовыя ўлады планавалі дабудаваць шпіталь – марна.
Вясной 2015 года праверыць ход працаў прыязджала намесніца прэм’ера Наталля Качанава. Багуслаў Мацук кажа, што «ўціраць» пачалі і ёй:
«Прыязджала прадстаўніца прэзідэнта – тут нагналі тэхнікі, уцёрлі ёй мазгі, паказалі, што працуюць. Але як толькі яна з’ехала – усё зноўку знялі і працы зноўку не рухаюцца».
Цяпер розныя аддзяленні больніцы раскіданыя па ўсім горадзе і перабываюць у розным стане. Намеснік старшыні Мёрскага райвыканкаму Леанід Лясовіч скардзіцца, што дзяржава не дае на будаўніцтва грошай:
«Без рэспублікі мы вельмі доўга будзем будаваць. Пакуль ад іх мы нічога не атрымалі».
Улічваючы сітуацыю ў беларускай гаспадарцы застаецца толькі чакаць чарговых юбілеяў мёрскага даўгабуду.
Ірына Дарафейчук, «Белсат»