Севярынец: З «Поедем, поедим» звольніліся 2 афіцыянткі. У рэстарацыі не каментуюць


Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя» Павел Севярынец паведаміў, што з рэстарацыі «Поедем, поедим», якая знаходзіцца побач з Курапатамі, звольніліся дзве супрацоўніцы.

Пра гэта палітык напісаў на сваёй старонцы ў Facebook. Паводле яго словаў, актывісты, якія ўжо 2 месяцы трымаюць вахту ў курапатах, сталі відавочцамі такой сцэны:

«На выхадзе з кабака памахалі рукамі абаронцам, адна з іх ухвальна паказала вялікі палец: «Малайцы!»

Belsat.eu звязаўся з адміністрацыяй «Поедем, поедим», каб спраўдзіць, ці сапраўды звольніліся афіцыянткі.

«Гэта наша асабістая справа, мы не даем каментароў, тым больш па тэлефоне», – сказала адміністратарка.

На пытанне, хто і якім чынам мог бы пацвердзіць звальненне супрацоўніц, нам адказалі «Ніхто».

Абарона Курапатаў сёлета трывае з пачатку чэрвеня. Ужо амаль месяц актывісты стаяць ля брамы рэстарацыі «Поедем, поедим» і патрабуюць яе ліквідаваць, бо літаральна ў 50 метрах ад забаўляльнай установы знаходзіцца месца сталінскіх расстрэлаў. Абаронцаў рэгулярна штрафуюць, некалькі разоў на іх наязджалі машыны нібыта наведнікаў рэстарацыі, узнікалі бойкі з ахоўнікамі.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў