Севярынец назваў Раду ПЭН-цэнтру «марксісцкімі камісарамі». Што на гэта кажа Нядбай?


Сустаршыня БХД і пісьменнік Павел Севярынец запатрабаваў выдаліць з беларускага ПЭН-цэнтру «групоўку марксісцкіх камісараў». Паводле яго, група левых у Радзе арганізацыі прапагандуе ЛГБТ і пераследуе хрысціянаў, займаючыся «культурным марксізмам». Старшыня ПЭН-цэнтру Таццяна Нядбай сцвярджае, што ў ягоным тэксце праўдзівыя факты змешваюцца са скажонымі і адкрытай няпраўдай.

Напярэдадні сходу ПЭНу, які пройдзе 26 кастрычніка, Севярынец на сайце krynica.info апублікаваў тэкст адкрытага ліста да яго ўдзельнікаў.

У лісце ён сцвярджае, што ў кіраўніцтве ПЭНу «атабарылася каля 20 чалавек «левых» – агрэсіўная крыклівая меншасць».

«Іх ідэалогія – культурны марксізм і прапаганда ЛГБТ. Бога няма. Усё дазволена. Быццё вызначае свядомасць. Ва ўсім вінаватая «среда», поўная рэлігійных і нацыянальных забабонаў. Даеш роўнасць – найперш роўнасць вычварэнняў з нормай. Раней ворагамі абвяшчаліся «буржуі», цяпер – хрысціяне», – піша ён.

Севярынец падкрэслівае, што Рада не прыняла ў ПЭН восем з дзевяці хрысціянскіх аўтараў. Галоўную віну ён ускладае на Андрэя Хадановіча і Паўла Анціпава. Таксама палітык мяркуе, што праз падтрыманне ЛГБТ-супольнасці (захады, прысвечаныя камінг-ауту і г.д) ПЭН стварае карцінку для расейскай прапаганды.

«На Зʼездзе прыстойным беларускім паэтам, пісьменнікам і публіцыстам, якіх у ПЭНе большасць, трэба выдаліць з Рады групоўку марксісцкіх «камісараў», – заклікае Севярынец.

Вясною стала вядома, што Севярынца выключылі са складу ПЭН-цэнтру. Паводле кіраўніцтва, ён прыпыніў аплату ўнёскаў, абавязковую для чальцоў. Сам жа Севярынец заяўляў, што больш не плаціць унёскі, бо не падзяляе каштоўнасці Рады.

На фота: Аляксей Братачкін, Вольга Шпарага, Вольга Раманава, Таццяна Нядбай, Андрэй Хадановіч.

Старшыня ПЭН-цэнтру, паэтка Таццяна Нядбай сказала ў каментары belsat.eu:

«У тэксце Паўла Севярынца праўдзівыя і скажоныя факты небяспечна змешваюцца з эмоцыямі, а таксама з адкрытай няпраўдай. Гэта можа даць выбуховы эфект, калі большасць не будзе разбірацца, хто ў каго скраў лыжачкі, а асадачак застанецца ва ўсіх. Мне б не хацелася выступаць з эмацыйным выказваннем, таму я адмоўлюся ад каментароў пра «культурных марксістаў»

Наконт сітуацыі з выключэннем Севярынца і непрыняццем асобных літаратараў у ПЭН, яна адзначыла, што Рада дзейнічае паводле статуту, які прадпісвае ўсім сябрам ПЭНу пэўныя абавязкі – плаціць складкі, удзельнічаць у жыцці арганізацыі.

Таццяна Нядбай і Сяргей Календа

«За кожнага дзейнага сябра Беларускага ПЭНа мы павінны плаціць унёскі ў Міжнародны ПЭН. Сёлета гэта было 780 еўра. Павел Севярынец быў выключаны за парушэнне статута, а не за хрысціянскія погляды. Павел быў выключаны ў студзені (а не калі сядзеў у турме – хоць гэта мала што мяняе насамрэч). Мы свядома не паведамлялі Паўлу пра выключэнне тады, разумеючы, што яго садзяць на суткі і што ён абараняе Курапаты (за што мы яму, дарэчы, удзячныя). Магчыма, гэта было памылкай і трэба было паведаміць адразу, не зважаючы на сітуацыю.

Павел мае права абскардзіць сваё выключэнне на Агульным сходзе і за тыдзень да зʼезду мы паведамілі пра гэта Паўлу, апісаўшы ўсю неабходную працэдуру. Гэтай працэдурай Павел, дарэчы, скарыстаўся. На момант выхаду адкрытага ліста Павел не толькі атрымаў паведамленне пра сваё выключэнне, але і прынёс у ПЭН заяву з абскарджаннем свайго выключэння», – распавядае Нядбай.

Яна падкрэслівае, што ўдзел у мерапрыемствах ПЭНу могуць браць не толькі сябры, а ПЭН, у сваю чаргу, падтрымлівае не выключна сваіх чальцоў. Гэтак, яны запісалі аўдыякніга паводле тэкстаў Севярынца, калі той ужо не ўваходзіў у склад.

Нядбай заклікала ўсіх ахвотных наведваць мерапрыемствы, якія ладзіць ПЭН, «каб пераканацца, што мы не займаемся непатрэбствамі».

«Наконт прыёму новых сябраў – скажу дакладна, што крытэр хрысціянскасці/нехрысціянскасці не разглядаўся. Акрамя заяваў «хрысціянскіх пісьменнікаў», сваёй чаргі чакаюць і іншыя заявы, якія мы таксама не паспелі, на вялікі жаль, разгледзець. Дадам таксама, што шэраг паважаных дзеячаў культуры маглі чакаць свайго прыёму і 10 год. Гэта, вядома, не тое, да чаго трэба імкнуцца, але ёсць нюанс:

Павел наракае на гэтую Раду. Магчыма, трэба ў гэтым выпадку пакінуць разгляд гэтых заяваў наступнай, больш мудрай, Радзе, якая будзе абраная Агульным сходам у суботу. Я давяраю Агульнаму сходу (вышэйшаму кіраўнічаму органу арганізацыі) і лічу, што сход абярэ годную Раду», – кажа старшыня ПЭН-цэнтру.

«Дарэчы, наконт Курапатаў – сёлета (як і летась, дарэчы) сябры Рады ПЭНа ўдзельнічаюць у Ночы расстраляных у Курапатах (Уладзімір Арлоў, Андрэй Хадановіч, Уладзімір Лянкевіч, Таццяна Нядбай). І гэта не пасля закліку Паўла, а па ўласнай волі, бо гэтая тэма ўсім нам баліць і важная», – рэзюмавала Таццяна Нядбай.

КА belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары