Савецкая памылка дыпламатаў Лукашэнкі



Беларуская дыпламатычная служба адзначыла 100-гадовы юбілей. Прынамсі гэтак сцвярджае Міністэрства замежных справаў нашае краіны, бо эксперты і гісторыкі не пагаджаюцца, што да слушнасці гэтай даты. Гісторыя беларускай дыпламатыі можа налічваць не адное стагоддзе, а цэлых… 8. Куды сыходзяць карані нашай дыпламатычнай традыцыі?

22 студзеня 1919 года – гэтую дату ўлады Беларусі ўзялі за кропку адліку найноўшай гісторыі беларускай дыпламатыі. Менавіта ў гэты дзень з’явілася першае паведамленне пра стварэнне камісарыяту вонкавых справаў Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь.

«Дата абраная вельмі няўдала, і яна не паказвае ўсёй значнасці дыпламатычных высілкаў беларусаў, беларускага народу ў адстойванні сваёй дзяржаўнасці ды ў абароне сваіх інтарэсаў», – лічыць палітолаг Алесь Лагвінец.

Сярод іншага, гэтая дата шырокім лукам абмінае гісторыю БНР як першую спробу аднавіць беларускую дзяржаўнасць у XX стагоддзі.

«Можна задаць рытарычнае пытанне: ці БССР, створаная бальшавікамі, рабіла тое, што рабіла БНР? Ці можа Макей або ягоныя памочнікі прывесці прыклад публікавання брашуры Доўнара-Запольскага «Асновы дзяржаўнасці Беларусі на некалькіх еўрапейскіх мовах»? – кажа Лагвінец.

Дыпламатычныя місіі Беларускай Народнай Рэспублікі аб’ездзілі шмат краінаў, адстойваючы права на дзяржаўнасць беларусаў як народу. А таму, на думку эксперта, менавіта вонкавапалітычныя намаганні заснавальнікаў БНР былі пачаткам сучаснай беларускай дыпламатыі.

Хоць яе карані сягаюць значна глыбей.

«Першы вядомы дакумент пра беларускую дыпламатыю, пра стоадсоткавую міжнародную дыпламатыю, адносіны міжнародныя – гэта 1229 год, дамова Смаленску з Госцім Берагам, Рыгаю», – распавядае доктар гістарычных навук Аляксандр Краўцэвіч.

Паводле гісторыка, у той час Смаленск быў галоўным горадам на ўсходзе Беларусі, які падпарадкоўваў сабе Віцебск і Полацк.

«Маем прозвішчы гэтых паслоў. Гэта поп Ерамей і соцкі Панцялей. То бок маем прозвішчы першых беларускіх дыпламатаў XIII стагоддзя. Ёсць у рыжскім архіве пратакол гэтай дамовы. Там 35 артыкулаў, усё распісана. Калі ласка, бяры і карыстайся», – кажа Краўцэвіч.

Тым не менш нашчадкі старажытных дыпламатаў аддаюць перавагу гісторыі савецкай. А яна, паводле ацэнкі адмыслоўцаў, не мела вялікіх дасягненняў.

«Можна, вядома, лічыць вялікім дасягненнем тое, што Беларусь была сярод дзяржаваў-заснавальніцаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, але мы ведаем цану гэтага рашэння – поўная залежнасць. І вядома, што Сталін гэта пралабіяваў толькі з гледзішча сваіх уласных інтарэсаў», – дадае Алесь Лагвінец.

У той жа час у 90-ыя гады, падчас аднаўлення беларускай дзяржаўнасці, гэты досвед і статус аказаліся карысныя. З тае пары змянілася некалькі міністраў замежных спарваў. За дыпламатыю сучаснай Беларусі цягам апошніх 7 гадоў адказвае Уладзімір Макей. З ягоных словаў, у нашай краіне сфармавалася ўласная дыпламатычнай школа. І сапраўды, узровень падрыхтоўкі беларускіх дыпламатаў высока ацэньваюць у тым ліку за мяжою.

«Гэта дыпламаты найвышэйшага пілатажу, гэта дыпламаты з вялікай літары, падрыхтаваныя да выканання любых функцыяў. Іншая справа, якія палітычныя замовы, якія рашэнні ім даводзіцца выконваць. Невыпадкова беларускія дыпламаты рана сівеюць. Бо тыя заданні, якія яны выконваюць, у шмат якіх выпадках ім супярэчаць як асобам», – мяркуе былы амбасадар Украіны ў Беларусі Раман Бяссмертны.

Адной з самых вялікіх паразаў беларускай дыпламатыі ў найноўшай гісторыі эксперты называюць крызіс у адносінах са Злучанымі Штатамі. У 2006 годзе Вашынгтон увёў санкцыі супраць кіраўніцтва Беларусі ды шэрагу прадпрыемстваў у адказ на арышт экс-кандыдата на прэзідэнта Аляксандра Казуліна. Тады Менск выслаў амбасадара ЗША з Беларусі. Злучаныя Штаты выслалі беларускага амбасадара ў адказ. Паўнавартасныя дыпламатычныя дачыненні не аднавілі да сёння.

«Мы памятаем гэты момант і фактычна скарачэнне дыпламатычных місіяў да абсалютнага мінімуму. З іншага боку адносным паляпшэннем можна лічыць апошнія навіны пра аднаўленне статусу дыпламатычных місіяў. Наколькі гэта можна лічыць перамогай? Усё ж такі гэта, хутчэй, вяртанне да нармальнага стану», – мяркуе дырэктар міжнароднага кансорцыуму «ЕўраБеларусь» Улад Вялічка.

Калі казаць пра дасягненні, то, на меркаванне Улада Вялічкі, пэўным поспехам можна лічыць захаванне пазіцыі, што да цэласнасці Украіны і Грузіі. У 2008 годзе, насуперак Маскве, афіцыйны Менск не прызнаў незалежнасці Абхазіі ды Паўднёвай Асеціі, а праз 6 гадоў – анексіі Крыму.

«Асобна я б яшчэ вылучыў усё, што датычыць пэўнай пазіцыі Беларусі ў расейска-украінскіх перамовах. Можна па-рознаму ацэньваць гэтую перамоўную пляцоўку Беларусі, але гэта быў, на маю думку, слушны крок», – кажа Вялічка.

Крок, які ўмацаваў пазіцыю Беларусі ў рэгіёне. Але калі казаць пра пазіцыю Беларусі ў свеце, то на наступныя 100 гадоў эксперты зычаць большай актыўнасці на міжнароднай арэне. Акурат гэтымі днямі ў швейцарскім Давосе адбываецца ўплывовы Сусветны эканамічным форум, на які чарговы раз не паехаў ніводзін высокі прадстаўнік нашае краіны.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык:

Фота: Mikhail Tereshchenko / TASS / FORUM

Глядзі таксама
Каментары