Самалёт быў вымушаны развярнуцца над Атлантыкай, бо пілот праліў каву


Самалёт з 337 пасажырамі на борце зрабіў вымушаную пасадку, бо пілот праліў каву на прыборную панэль.

Інцыдэнт адбыўся ў лютым, але вядома пра яго стала толькі цяпер – з дакладу брытанскага Аддзелу па расследаванні авіяцыйных здарэнняў, піша Бі-бі-сі.

Самалёт Airbus A330-243 накіроўваўся з Франкфурту ў мексіканскі Канкун, але вымушаны быў здзейсніць незапланаваную пасадку ў Шэнане, Ірландыя.

Гэта адбылося пасля таго, як прыборная панэль пачала плавіцца, і ў кабіне пілотаў з’явіўся дым. Лётчыкам прыйшлося скарыстацца кіслароднымі маскамі. У выніку інцыдэнту ніхто не пацярпеў і пасадка прайшла паспяхова.

Паводле дадзеных Аддзелу па расследаванні авіяцыйных здарэнняў, камандзір паветранага судна назіраў за дзеяннямі другога пілота, калі ім падалі каву. Гарачы напой прынеслі ў кубках без крышачак, што было звычайнай практыкай для гэтай авіякампаніі. Камандзір паставіў кубак на адкідны столік, з якога напой і перакуліўся. Большая частка кавы трапіла на калені камандзіра, але пралілася яна і на прыборную панэль. Абсталяванне ў выніку разагрэлася настолькі, што кнопкі пачалі плавіцца. Гэта прывяло да частковай адмовы прыборнай панэлі і праблемаў з сувяззю.

Не ўдакладняецца, якой авіякампаніі належаў самалёт, але вядома, што здарылася гэта 6 лютага. Паводле міжнароднай некамерцыйнай арганізацыі Flight Safety Foundation, гэта быў самалёт кампаніі Condor Airlines flight, але рэйс выконваўся кампаніяй Thomas Cook Airlines.

КА belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары