Сакрэт даўгалецця беларускіх чыноўнікаў


Вы толькі што нарадзіліся ў Беларусі і плануеце тут жыць? «Міжнародная кніга фактаў» Цэнтральнага выведчага кіраўніцтва ЗША ўжо ведае, колькі вы пражывяце. Меркаваная працягласць жыцця – 72 гады. Прычым калі для жанчын гэта 78 гадоў, то для беларускіх мужчынаў – няпоўныя 67.

«Першае месца Беларусі ў спажыванні алкаголю вельмі моцна ўплывае на нашую працягласць жыцця, сюды ўплываюць і выпадкі траўматызму, атручванняў, алкагольных, ужыванне сурагатаў – чыннікі якія так значна паніжаюць менавіта мужчынскую працягласць жыцця» – зазначае Зміцер Салошкін, лекар медычнага цэнтру «Маці і дзіця».

Такім чынам, няўмольная статыстыка пакідае сярэднестатыстычнаму беларускаму мужчыне ўсяго толькі 4 гады жыцця пасля выхаду на заслужаны адпачынак. Невядома, ці бачыў гэтыя лічбы Аляксандр Лукашэнка?

«У 60 гадоў мужык – гэта конь, на якім можна яшчэ араць, і плугам не ў адзін корпус, а ў тры карпусы зачапіць – і пацягне!», – мяркуе кіраўнік Беларусі.

Ці пацягне? Паводле прагназаванай сярэдняй працягласці жыцця Беларусь займае 139 месца ў свеце. Гэта лепш, чымся ў нашых «сяброў» у Мытным саюзе – Расеі ды Казахстане. Але горш, чымся ў нашых бліжэйшых суседзяў, удзельнікаў іншай інтэграцыі – Літвы, Латвіі ды Польшчы. Гэта нават горш за дзве самыя бедныя краіны Еўразвязу – Балгарыю ды Румынію.

«Мы адстаём па менеджменту медыцыны, мы далей трымаемся савецкіх канонаў, усе арыентуюцца на справаздачнасць і вынік а не на эфектыўнасць, нават у фінансавым плане», – тлумачыць Зміцер Салошкін.

Паводле інфармацыі ААН на 2015 год, сярэдняя працягласць жыцця ў Беларусі складае столькі ж, колькі і прагноз на будучыню – 72 гады. Але, як высветлілася, існуе і больш падрабязная статыстыка: для асобных медычных установаў. Невядома, колькі гэтая лічба складзе для гомельскай дзіцячай паліклінікі № 2, перагружанай чэргамі на запіс, але ў прэзідэнцкім клінічным медцэнтры, які ў народзе называюць лечкамісіяй, лічбу ведаюць дакладна.

«Паводле звестак за апошнія 5 гадоў, працягласць жыцця пацыентаў лечкамісіі вагаецца ад 82,5 да 84 гадоў. Гэта не надуманыя, абсалютна рэальныя лічбы», – дзеліцца Ірына Абельская, галоўны лекар «лечкамісіі».

У 2014 годзе Аляксандр Лукашэнка падпісаў загад аб пабудове новай спецлякарні ў сасновым бары, ля Ждановічаў. Паводле праекту, там створаць такія ж аддзяленні, як і ў лечкамісіі, але будзе там і асобны VIP-блок са сваёй кухняй, сталоўкай, пакоямі адпачынку ды аховаю. Кошт будоўлі – Eur 100 мільёнаў.

Для параўнання, менская 39 паліклініка ў Брылевічах, што адкрыла свае дзверы ў 2014 годзе, каштавала бюджэту Eur 6 мільёнаў. 16 паліклінік у рэгіёнах, каб зменшыць чэргі, ці адна для чыноўнікаў? Пытанне ўжо не актуальнае. Здача абʼекту адбудзецца праз паўгода.

Ігар Кулей, «Белсат»

Стужка навінаў