Сайт гарадзенскай дыяцэзіі пра БРСМ: «Трэба парваць з бязбожным камсамолам»


На каталіцкім партале Гарадзенскай дыяцэзіі grodnensis.by у рубрыцы «Пытанні да ксяндза» з’явіўся адказ ксяндза Андрэя Радзевіча на пытанне «Чаму хрысціяніну нельга ўступаць у БРСМ?». У сваёй прамове ксёндз заклікае вернікаў адмовіцца ад сяброўства ў дзяржаўнай моладзевай арганізацыі.

Радзевіч апелюе да таго, што ў статуце БРСМ прапісана: ён зʼяўляецца спадкаемцам ленінскага камсамолу, які быў антырэлігійным і атэістычным. Ксёндз таксама згадвае, што каталіцкія Папы яшчэ з ХІХ стагоддзя асуджалі камуністычную ідэю.

«Камунізм мае на сваім сумленні велізарную колькасць чалавечых ахвяраў, якіх трэба лічыць у дзясятках мільёнаў. Камуністычныя кіраўнікі імкнуліся да рэалізацыі сваіх мэтаў, не зважаючы на чалавечае жыццё. Гэтая сістэма знішчыла шмат святыняў і замардавала шмат духоўных і свецкіх вернікаў. Ва ўсё гэта быў умяшаны таксама камсамол. Гэта камсамольцы часта пасылаліся нішчыць святыні і нават забіваць духавенства», – кажа Андрэй Радзевіч.

Ён распавядае, як бачыў у некаторых месцах у горадзе плакаты з камсамольскім значком з Леніным і надпісам «Это наша с тобой история», але, паводле яго, «гэта гісторыя, у якой няма чым ганарыцца». На думку пробашча, БРСМ – спадкаемца камсамолу, то вернік не павінен уступаць у арганізацыю, якая мае такую гісторыю і такі фундамент.

Разам з тым ксёндз Радзевіч адзначае, што асабіста ён за існаванне дзіцячых і моладзевых арганізацыяў, калі тыя пабудаваныя на станоўчых прынцыпах і вучаць маладых людзей выхоўваць у сабе добрыя рысы.

«Адно безумоўна – што на гнілым фундаменце не пабудуеш добры будынак. На фундаменце камсамолу не пабудуеш сёння добрую моладзевую арганізацыю. Калі мы сапраўды клапоцімся пра моладзь, то патрэбна парваць з бязбожным камсамолам, асудзіць крывавы камуністычны тэрор і пачаць будаваць штосьці новае, арганізацыю, якая будзе выхоўваць моладзь любіць сваю Айчыну, любіць сваю зямлю, яе мову, культуру і традыцыі», – мяркуе ксёндз.

Варта адзначыць, што беларускі Касцёл ніякім чынам афіцыйна не выказваўся пра БРСМ.

Сёлета БРСМ на дзяржаўным узроўні адсвяткаваў 100-годдзе ўтварэння камсамолу. Падчас урачыстасцяў міністр адукацыі, сябар Камуністычнай партыі Беларусі Ігар Карпенка назваў арганізацыю «трывалым падмуркам, на якім цяперашняе пакаленне моладзі можа смела і ўпэўнена будаваць будучыню нашай краіны».

КА, belsat.eu

Стужка навінаў