Румынскі абсурд, кранальны вестэрн і танец Мэса Мікельсэна: дзясятка фільмаў 2020 года


Кінатэатры закрываліся, здымачныя працэсы прыпыняліся, запланаваныя рэлізы пераносіліся – пандэмія каронавіруса значна паўплывала на кінасферу і спосаб глядзець кіно ў 2020 годзе. Стрымінгавыя сэрвісы імкліва нарасцілі колькасць карыстальнікаў, але вытворчы працэс пры гэтым аказаўся несуразмерным глядацкаму запыту, бо хвалі ковіду яму, вядома, не спрыялі. Кінафестывалі сталі альбо пераносіцца, альбо пераходзіць у онлайн-фармат, але многія праваўладальнікі дагэтуль чакаюць магчымасці правесці прэм’еру сваіх карцін офлайн. Такім чынам, шмат чаго адкладзена да лепшых часоў, шмат чаго замарожана, шмат чаго нават не распачата. Але тым не менш кіно ў сціплым 2020-м было, і «Белсат» выбірае дзясятку фільмаў года.

«Вялікімі літарамі» Раду Жудэ

Румынскі рэжысёр Раду Жудэ (Radu Jude) выкінуў выдатны пасаж. Ён «паставіў» на экране п’есу пра 16-гадовага Мугура Кэлінэску (Mugur Călinescu), які за некалькі гадоў да падзення рэжыму Чаўшэску трапіў пад пераслед, і запаралеліў гісторыю з вытрымкамі з тэлепраграмаў таго часу. Выпадак, што ляжыць у аснове карціны, таталітарна-абсурдны: школьнік пачаў крэйдаю пісаць на гарадскіх сценах заклікі да барацьбы за свае правы, а Дэпартамент дзяржбяспекі вылічыў яго і завёў на хлопца справу. Абыгрываецца гэтая гісторыя іранічна і з іроніяй жа перабіваецца чорна-белай тэлевізійнай прапагандай. Ці варта казаць, што ўсё гэта неадчэпна нагадвае сённяшнюю Беларусь?..

«Жанчына, якая збегла» Хонг Санг Су

Фільм прымушае пяшчотна і па-добраму смяяцца. Гэта чарговая, уся паветраная і нязмушаная, работа ўсюдыіснага ўжо паўднёвакарэйскага аўтара Хонг Санг Су (Hong Sang-soo) і чарговы раз – з каханкай рэжысёра Кім Мін Хі (Kim Min-hee) у галоўнай ролі. Гам-хі ўпершыню застаецца без мужа, бо той з’ехаў у камандзіраванне. Жанчына па чарзе завітвае да трох сваіх сябровак, прыхапіўшы напоі рознай моцнасці. Фільм уяўляе сабой размовы і размовы, па-свойму геніяльныя ў сваёй вонкавай простасці, а пад гэтую балбатню адбываецца некалькі такіх жа лёгкіх, амаль незаўважных, гісторыяў. У лютым «Жанчына, якая збегла» атрымала «Сярэбранага мядзведзя» «Берлінале».

«Неаграненыя алмазы» братоў Сафдзі

Эдам Сэндлер (Adam Sandler) цудоўна грае тут нью-ёркскага габрэя і дылера каштоўнасцяў у скураным пінжаку і з пярсцёнкамі на пальцах. У свеце вялікіх грошай, грамілаў з бандыцкімі тварамі ды рызыкоўных ставак ён мітусіцца паміж сям’ёй і палюбоўніцай, а таксама даўгамі, пазыкамі ды надзвычайнай прыгажосці камянямі, якія спадзяецца загнаць падаражэй. На напружанасці, узнятасці, нервовасці праходзіць увесь фільм братоў Сафдзі (Safdie), а вянчае ўсё гэта цудоўны апафеоз, з якім таксама ўсё вельмі не проста. «Неаграненыя алмазы» надзвычайныя тэмпам і насычанасцю, пры тым што камера хіба нехаця расстаецца з галоўным героем. Зрэшты, ад супярэчлівага персанажа Адама Сэндлера і так адарвацца немагчыма.

«Яшчэ па адной» Томаса Вінтэрбэра

Новы фільм Томаса Вінтэрбэра (Thomas Vinterberg) – паплечніка Лярса фон Трыера (Lars von Trier) у стварэнні кінанакірунку «Догма-95» – мусіў быць прэзентаваны на Канскім кінафестывалі, але той адмяніўся. Карціна «Яшчэ па адной» перайшла на іншыя пляцоўкі ды ўрэшце ў кінапракат, дзе гледачы ўбачылі надзвычайны алкагольны адрыў чатырох захраслых у руціне школьных настаўнікаў. У пэўны момант сябры вырашылі праверыць тэорыю пра тое, што ў чалавечай крыві для паўнавартаснага існавання не хапае алкаголю. Яны дамовіліся падтрымліваць неабходны ўзровень і з гэтага моманту сталі іскрыць на занятках, наладжваць стасункі з вучнямі ды вырашаць пытанні асабістага жыцця. У медаля, як вядома, два бакі, таму тэорыя абярнулася для герояў як удачамі, так і трагічнымі праваламі, а ўвянчалася цудоўным танцам Мэса Мікельсэна (Mads Mikkelsen) на заканчэнне – толькі дзеля яго аднаго гэты фільм варта глядзець.

«Саракагадовая версія» Рады Бланк

Мілая, іранічная і лірычная камедыя Рады Бланк (Radha Blank), дзе рэжысёрка выконвае галоўную ролю, расказвае класічную гісторыю пра духоўнае паспяванне. Драматургіня-афраамерыканка напярэдадні свайго саракагоддзя хоча ствараць нешта шчырае і непадробленае, а рэаліі прымушаюць яе падладжвацца пад кан’юнктуру, што мае на ўвазе сацыяльныя праблемы чорных, ушчамленне правоў чорных, барацьбу за паўнавартаснае жыццё чорных і так далей. Усё гэта добра «заходзіць» багатым белым гледачам, таму калі сябар і прадзюсар Рады (што немалаважна, карэец) выбівае для яе маштабную пастаноўку на Бродўэі, ён лічыць гэта вялікай удачай. Яна ж тым часам пачынае чытаць рэп і знаходзіць у гэтым так неабходную ёй непадуладнасць вонкавым уплывам.

«Манк» Дэйвіда Фінчэра

Мы не чакалі ад Фінчэра (Dave Fincher) такой белетрыстычнай лірычнасці ды міндальнага піетэту, затое ён выкручаста і па-багатаму, у чорна-белых колерах расказаў пра Галівуд напярэдадні і ў пачатку Другой сусветнай вайны праз гісторыю дасціпнага драматурга Гэрмана Манкевіча (Herman Mankiewicz). Да таго ж гэта Дэйвід Фінчэр: ягонае кіно ты будзеш глядзець так ці інакш. Нешта падобнае сёлета здарылася з «Довадам» – не найлепшым фільмам Крыстафэра Ноўлана (Christopher Nolan), які ў час кінаголаду круцілі да пасінення. Манк бярэцца за сцэнарый будучага несмяротнага «Грамадзяніна Кейна» для амбітнага маладога рэжысёра Орсана Ўэлза (Orson Welles). А фільм вядзе паралельны аповед пра мінулае свайго героя – мінулае дзёрзкага гулякі і выскачкі, дзе хаваецца ключ да найлепшай працы ягонага жыцця.

«76 дзён» Хаў Ўу, Ўэй Сі Чэня і ананімнага аператара

Цяпер гэта здзіўляе – глядзець кіно, дзе ўсе сюжэты развіваюцца ў «нармальнай» паралельнай рэальнасці, без COVID-19, локдаўнаў і масак на тварах. Тым не менш пандэмія ў кіно адбілася, у першую чаргу, вядома, дакументальным. Фільм «76 дзён» Хаў Ўу і Ўэй Сі Чэня (Hao Wu, Weixi Chen) паказвае татальны локдаўн у кітайскім Ўу-Хані – горадзе на адзінаццаць мільёнаў жыхароў, які быў закрыты ў пачатку года, каб прадухіліць распаўсюджванне віруса. Карціна складаецца з трагічных, шчымлівых, але і лірычных пазлаў, якія задакументавалі працу ў шпіталі, гарадскія вуліцы ды звычайныя бытавыя справы ў новых умовах. Як дачка не магла зірнуць на памерлага бацьку, маладыя людзі з трывогай чакалі сваё немаўля, а стары мужчына рваўся з палаты дадому. Адзін з аўтараў фільму пажадаў застацца ананімным, каб засцерагчыся ад небяспекі.

«Бакураў» Жульяну Дарнэліса і Клебіра Мэндонсы Філлю

Бакураш – гэта назва вёскі, якая раптам знікла з усіх мапаў. Жыхары праводзяць у апошні шлях сваю старэйшыну Кармэліту і заўважаюць, што вакол адбываецца нешта дзіўнае. Над Бакураў навісае пагроза, а калі нехта аказваецца адзін ці ўдваіх, рызыкуе ў вёску ўжо не вярнуцца. Спробы звярнуцца па дапамогу марныя, таму жыхары мусяць спраўляцца з нечаканым і абсалютна бесчалавечным выклікам самастойна. Брутальная, без кіношнага лоску, гісторыя Жульяну Дарнэліса (Juliano Dornelles) і Клебіра Мэндонсы Філлю (Kleber Mendonça Filho) адбываецца ў зарасніках бразільскай глушы і героямі робіць звычайных, але згуртаваных вяскоўцаў.

«Першая карова» Келі Райхарт

Гэта пяшчотны, павольны і кранальны вестэрн Келі Райхарт (Kelly Reichardt), дзе два непрыкаяныя адзіночкі – пекар Пячэнька і беглы кітаец Кін Лу – аб’ядноўваюцца, каб у брудным пасяленні «дзікага Захаду» запусціць стартап. Галоўны складнік поспеху – адзіная на ўсю акругу карова мясцовага землеўладальніка: напарнікі тайна дояць яе начамі, каб спячы пончыкі ды прадаць іх на гарадской плошчы. Бізнес ідзе ўгору, смак невядомага дэсерту ацэньвае ў тым ліку ўладальнік каровы, але паколькі гэта дзікі Захад, падман робіцца асабліва небяспечным.

«ДАУ. Наташа» Іллі Хржаноўскага і Кацярыны Эртэль

Грандыёзны праект «ДАУ» стаў адным з самых моцных кінаўражанняў года, праўда, настолькі ж мімалётным. Новы спосаб рабіць кіно і новая эстэтыка выклікалі ў свой час шквал абмеркаванняў і абвінавачванняў у неэтычнасці. Дзеля рэканструкцыі і, напэўна, разумення таталітарызму аўтар стварыў у Харкаве гэтак званы Інстытут, засяліў яго рознага кшталту персанажамі ды папрасіў актораў дзейнічаць у прапанаваных умовах самім. Тое, што яны рабілі, казалі, як выпівалі, здымалася на камеры і мантавалася ў фільмы. Серыя «ДАУ. Наташа» з бетонным таталітарызмам і праявамі чалавека ў ім – і паводле своеасаблівай драматургіі, і паводле ўражальнасці – напэўна, адзін з галоўных дасягненняў праекту.

Ірэна Кацяловіч belsat.eu

Стужка навінаў