Разумныя біяэлектрычныя імпланты для жаўнераў. Пэнтагон пачынае распрацоўванне


Імпланты, якія будуць лекаваць баявыя раны жаўнераў, – гэта ўжо не фантастыка, мяркуе агенцтва перспектыўных навуковых праектаў Міністэрства абароны ЗША DARPA.

Учора DARPA (Defense Advanced Research Projects Agency) стварыла новае падраздзяленне, мэтай якога будзе распрацаваць біялагічна-электрычныя сродкі лекавання, якія будуць імплантавацца беспасярэдне ў цела жаўнераў, паведаміў партал defenseone. com

Гэта могуць быць сэнсары для назірання за станам параненага, механізмы для выканання пэўных заданняў, у тым ліку з штучным інтэлектам. Пакуль плануецца, што такія імпланты змогуць стымуляваць пашкоджаныя тканіны цела жаўнера да больш хуткага аднаўлення.

У прыватнасці, чакаюць, што гэта значна павялічыць долю жаўнераў, якія здолеюць вярнуцца ў шыхт пасля раненняў, якія раней канчаліся дэмабілізацыяй.

«Рана – гэта жывое месца, дзе ўмовы ўвесь час мяняюцца. Ідэальна было б заўважаць, аналізаваць і рэагаваць на гэтыя змены ў ране, каб карэктаваць выздараўленне ды рабіць яго больш хуткім. Напрыклад, мы чакаем, што ўдасца карэктаваць дзеянне імуннай сістэмы, скіроўваць клеткі патрэбных тыпаў у рану ці кіраваць зменамі ствалавых клетак», – адзначае кіраўнік праграмы Пол Шыян.

Праграма разлічаная на чатыры гады.

Аляксандр Гелагаеў belsat.eu

Стужка навінаў