Беларусь спыніла сертыфікацыю гародніны і садавіны, якая паступае з трэціх краін у Расею. Пра гэта 1 красавіка паведамілі ў Рассельгаснаглядзе па выніках перамоваў з Галоўнай дзяржаўнай інспекцыяй па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Беларусі.
Мера закранае прадукты, якія патрапілі ў расейскі «санкцыйны» спіс. Яна працягнецца, пакуль Беларусь не правядзе неабходныя мерапрыемствы па пацвярджэнні краіны паходжання прадукцыі, каб спыніць паступленне «санкцыйных» прадуктаў у Расею.
Разам з тым пастаўкі гародніны і садавіны для ўжывання ў Беларусі працягнуцца.
Падчас перамоваў Рассельгаснагляд адзначыў, што дагэтуль у Расею паступаюць беларускія яблыкі, вырашчаныя ў 2018 годзе, хоць летась такія пастаўкі спыніліся яшчэ ў сярэдзіне лютага. Таксама ў ведамстве не вераць, што так доўга можа захоўвацца беларуская пекінская капуста.
Нагадаем, што на мінулым тыдні Расея пагражала татальнай забаронай рээкспарту садавіны і гародніны з Беларусі. У Рассельгаснаглядзе заяўлялі, што не атрымлівалі дакладнай інфармацыі аб аб’ёмах імпарту і аб’ёмах тавараў, якія прайшлі размытненне ў нашай краіне. Гэта вядзе да фальсіфікацыі сапраўднай краіны паходжання тавараў, адзначаў расейскі бок.
МГ belsat.eu