Не пашкадавалі ніводнага. У Расеі спалілі 640 кілаграмаў беларускіх цвыркуноў


Больш за 640 кілаграмаў замарожаных цвыркуноў сканфіскавалі расейскія мытнікі на мяжы з Беларуссю каля паселішча Чырвоная Гара ў Бранскай вобласці. Інсектаў везлі з Беларусі ў Маскву. Агулам у грузавым аўтамабілі знайшлі 39 скрыняў з замарожанымі цвыркунамі.

Паводле дакументаў, вытворцам і адпраўніком цвыркуноў значылася менскае ТАА «ONTO Біятэхналогіі», паведамляюць «Новости Брянска».

Як распавялі ў Рассяльгаснаглядзе, на такі тавар павінен быць ветэрынарны сертыфікат. Менавіта яго адсутнасць стала падставай для канфіскацыі тавару. Таксама на ўпакоўках бракавала маркіроўкі з інфармацыяй пра найменне, вытворцу, умовы транспарціроўкі, дату вытворчасці і тэрміны прыдатнасці грузу.

Замарожаныя цвыркуны.
Фота: Рассяльгаснагляд

У выніку замарожаных цвыркуноў расейцы спалілі.

У каментары Belsat.eu прадстаўнік ТАА «ONTO Біятэхналогіі» пацвердзіў знішчэнне партыі беларускіх цвыркуноў у Расеі. Пры гэтым суразмоўца зняпраўдзіў заяву Рассяльгаснагляду пра адсутнасць ветэрынарных дакументаў. «Усе дакументы ў парадку», – заявілі ў фірме.

Па словах прадстаўніка кампаніі, былі дапушчаныя толькі хібы ў маркіроўцы, за што адказны супрацоўнік ужо быў пакараны.

«Мы перадалі юрыстам афіцыйны ліст, які нам накіравалі. У тых выпадках, калі мы дзейнічалі неправамерна, мы выправімся і не дапусцім зноў. Калі ж выявіцца, што былі парушаныя нашы правы, будуць разбірацца юрысты», – дадаў суразмоўца.

Hавiны
У Ніжнім Ноўгарадзе на Масленіцу з балкона кідалі ў натоўп бліны
2019.03.11 16:44

Як паведамляе «Беларусь сегодня», ферму па гадоўлі казурак у нашай краіне адкрылі ў лістападзе 2016 года. Тут вырошчваюць некалькі відаў прусакоў, цвыркуноў і лічынак, з якіх робяць угнаенні для раслін, кансервы і замарожаных цвыркуноў для корму жывёл. Апроч таго фірма вырабляе муку і батончыкі для людзей. Спачатку іх прадавалі як корм для экзатычных жывёл: напрыклад, рэптылій, павукоў і хамелеонаў.

Пачаставаць іх у Менску можна ў адным з бараў на вуліцы Зыбіцкая. 40 грамаў смажаных цвыркуноў з соллю, перцам ці кары каштуюць тут 12 рублёў.

МГ / belsat.eu

Стужка навінаў