Расея, Украіна і Беларусь у лідарах па захворвальнасці ВІЧ у Еўропе


Еўрапейскі цэнтр прафілактыкі і кантролю захворванняў ды Еўрапейскае рэгіянальнае бюро Сусветнай арганізацыі здароўя (САЗ) апублікавалі справаздачу аб сітуацыі з ВІЧ у Еўропе.

З дакладу вынікае, што ў 2017 годзе ў Еўропе было зарэгістравана 160 000 выпадкаў ВІЧ, прычым на Усходнюю Еўропу прыпадае 130 000 дыягназаў. Гэта самы высокі паказнік за ўсю гісторыю вядзення статыстыкі па ВІЧ. Адна з прычынаў росту, паводле ацэнак САЗ, – позняя дыягностыка: позняя стадыя захворвання выяўляецца ў кожнага другога чалавека, якому ставяць дыягназ ВІЧ-інфекцыя.

Самыя высокія паказнікі па колькасці новых выпадкаў захворвання зафіксаваныя ў Расеі (71,1 выпадак на 100 тыс. насельніцтва), Украіне (37 на 100 тыс.) і ў Беларусі (26,1 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва).

У большасці выпадкаў заражэнне адбылося ў выніку гетэрасексуальных кантактаў і праз ужыванне ін’екцыйных наркотыкаў.

Самыя высокія паказнікі ў ЕЗ у Латвіі (18,8 на 100 тыс.) і Эстоніі (16,6), а самыя нізкія – у Славакіі (1,3) і Славеніі (1,9).

ВІЧ (Вірус імунадэфіцыту чалавека) – паражае клеткі імуннай сістэмы, што прыводзіць развіцця сіндрому набытага імуннага дэфіцыту (СНІД), арганізм хворага страчвае магчымасць абараняцца ад інфекцыяў і пухлін.

За апошнія 30 гадоў у Еўропе было зарэгістравана больш 2,32 млн выпадкаў ВІЧ. Паводле САЗ, у 2017 годзе ў свеце было 36,9 млн чалавек з ВІЧ-інфекцыяй. Большасць выпадкаў, 25,7 млн, прыпадае на Афрыку.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў