Тыя, хто нарадзіўся на тэрыторыі Cавецкага саюзу, або нашчадкі грамадзянаў СССР і расейскай імперыі змогуць разлічваць на атрыманне расейскага пашпарту.
Дзярждума РФ разглядае законапраект, які спросціць працэдуру атрымання расейскага грамадзянства. Каб мець расейскі пашпарт стане дастаткова пацвердзіць факт нараджэння на тэрыторыі СССР або сувязь з продкамі – нараджэнцамі СССР або расейскай імперыі, паведамляе kommersant.ru
Фактычна, з абавязковых патрабаванняў, гэта ўсё. Нават факт валодання расейскай мовай будзе правярацца толькі камісіяй. Да таго ж, ёсць прапанова прыбраць і гэтае патрабаванне з працэдуры атрымання грамадзянства. Гэта пашырыць магчымасці атрымання расейскіх пашпартоў для моладзі былых краінаў савецкага блоку, якая ўжо не размаўляе па-расейску.
Палітолаг Павел Свяценкаў упэўнены, што спрошчаная працэдура прыцягне масавую міграцыю з Сярэдняй Азіі, хоць аўтары ў першую чаргу разлічваюць на прыток нашчадкаў грамадзянаў СССР, якія жывуць за мяжой, у прыватнасці, на тэрыторыі Украіны.
Паміж іншым, пасля прыняцца гэтага закона жыхары “ДНР” і “ЛНР” змогуць стаць паўнавартаснымі грамадзянамі РФ і атрымаць расейскі пашпарт замест пашпартоў самаабвешчаных рэспублік, якія ніхто, акрамя РФ не прызнае.
ВЧ, паводле kommersant.ru