Расейскія працаўнікі БелАЭС: «Вяртаемся ў Астравец»


Шпіталізаваныя з падазрэннем на каронавірусную інфекцыю 15 грамадзянаў Расеі, якія працуюць на будаўніцтве атамнай электрастанцыі распавялі «Tut.by», што вяртаюцца ў Астравец. Атрымаць пацверджанне гэтага ў Смаргонскай больніцы ані ў галоўнага санітарнага лекара Гарадзенскай вобласці «Белсату» не ўдалося.

«Паўгадзіны таму размаўляў з нашым дырэктарам – мы едзем у Астравец. Усе тэсты, а іх зрабілі пяць штук, апынуліся адмоўнымі. Цяпер кіраўніцтва вырашае ўсе пытанні, – распавёў Алег.

Пра лабараторнае пацверджанне каронавірусу ў 15 грамадзянаў Расеі, якія прыбылі на атамную электрастанцыю, стала вядома 8 красавіка.

Мужчын ізалявалі ў Смаргонскай больніцы. Было ўсталявана, што каля сярод кантактаў першага ўзроўню, якія маглі кантактаваць з расейцамі, было каля 100 чалавек.

Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік падчас брыфінгу місіі САЗ 10 красавіка распавядаў, што першы аналіз расейцаў быў зроблены імпартнымі тэстамі і вынік апынуўся станоўчым. Другі аналіз на каронавірус таксама праводзілі пры дапамозе замежных тэстаў, але ўжо іншай кампаніі, і ён паказаў адмоўны вынік. Усе вынікі адправілі на пераправерку, дадаў міністр.

На гэтым тыдні расейцам зрабілі дадатковыя тэсты.

Шпіталізаваныя мужчыны абураліся тым, што іх паклалі ў шпіталь і не выпускалі пасля таго, як першыя аналізы, паводле іх словаў, былі адмоўнымі. Адзін з пацыентаў размясціў «ўКантакце» відэа, дзе распавядае, што пасля прыезду 27 сакавіка ў Беларусь яны адпрацавалі толькі тыдзень, пасля чаго іх адправілі на хатні каранцін.

Праз тры дні лекары з міліцыянтамі прыехалі да іх уночы і перавезлі ў Смаргонскую цэнтральную раённую больніцу.

Жыхары Смаргоні распавядалі журналістам «Tut.by», што будаўнікі вялі сябе агрэсіўна ў дачыненні да беларускага медперсаналу, а частка рабочых збегла са шпіталя. Таму нібыта каля палат арганізавалі дзяжурства міліцыянта.

Міліцэйскі нагляд за расейскімі працаўнікамі выданню «Kraj.by» пацвердзіў пракурор Смаргонскага раёну Андрэй Клышевіч.

Расейцы сцвярджаюць, што з лякарні не збягалі.

«Як? Калі вокны зачыненыя і ручак на іх няма. Гэта меркаванне людзей. Я не мае намеру апраўдвацца», – дадаў мужчына.

Паводле Алега, расейскія працаўнікі займаюцца на Астравецкай АЭС мантажам абсталявання на першым блоку, «аж да рэактара».

ДД belsat.eu

Стужка навінаў