Расейскіх курсантаў-маракоў, якія «душылі» Папу Рымскага, пакаралі за абразу католікаў


Барк «Крузенштэрн». Фота https://www.newkaliningrad.ru

Двое курсантаў з расейскага парусніка «Крузенштэрн», які зайшоў у польскі порт Сьвінауйсьце, зрабілі абразлівыя фота з бюстам кананізаванага Папы Рымскага Яна Паўла ІІ. Капітану прыйшлося прыносіць прабачэнні, а ўдзельнікаў інцыдэнту звольнілі з карабля на бераг.

«Крузенштэрн» – сусветна знакаміты і вялікі паруснік, вучэбнае судна расейскага цывільнага марскога флоту. Карабель з курсантамі з розных марскіх навучальных устаноў пайшоў у чарговы вучэбны паход 2 траўня, а ў канцы траўня наведаў польскі горад Сьвінауйсьце.

Па традыцыі мясцовыя жыхары запрашаюцца на борт прыгожага судна, а каманда сыходзіць на бераг і гуляе ў горадзе, ходзіць на экскурсіі. У Сьвінауйсьце двое курсантаў вырашылі паказаць сваё стаўленне да Папы Рымскага Яна Паўла ІІ.

Адзін з удзельнікаў інцыдэнту зрабіў выгляд, што душыць пантыфіка, а іншы зрабіў фота на тэлефон, а потым выставіў у інтэрнэт з допісам шавіністычнага характару.

Фота https://www.facebook.com/akimow

Пост убачыў адзін з мясцовых жыхароў, потым гісторыя патрапіла ў польскую прэсу. Улічваючы вельмі паважлівае стаўленне палякаў да першага Папы-паляка, інцыдэнт мог значна пагоршыць стаўленне да расейскіх маракоў у польскіх партах. З адпаведнымі наступствамі для іх у тым ліку як на вуліцах, гэтак і ў піўных.

Аднак капітан «Крузенштэрна» афіцыйна выбачыўся за сваіх падначаленых і звольніў іх на бераг.

«Я… звяртаюся да Вас, да ўсіх жыхароў гораду Сьвінауйсьце, грамадзянаў Рэспублікі Польшча, католікаў усяго свету. Ад імя экіпажа, усіх курсантаў… з пачуццём вялікай горычы і шчырай прыкрасці я прашу прабачэння за абразлівую выхадку маіх курсантаў у перыяд прыпынку ў гасцінным порце Сьвінауйсьце», – цытуе адкрыты ліст капітана Міхаіла Ярэмчанкі партал «Новый Калининград»

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары