Раманчук: Лукашэнка думае, што справа не ў прынцыповых памылках і хібах яго палітыкі, але ў людзях


Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка прызначыў Юрыя Назарава намеснікам прэм’ер-міністра. Былы кіраўнік «Беллеспаперапрам» ва ўрадзе будзе курыраваць развіццё нафтахімічнага комплексу. У сваю чаргу Ігар Ляшэнка, які раней займаўся гэтым пытаннем, пераведзены на іншую пасаду. Але гэтая кадравая замена не прывядзе да нейкіх зрухаў у галіне, распавёў «Белсату» эканаміст Яраслаў Раманчук.

На якой пасадзе будзе працаваць цяпер ужо былы віцэ-прэмʼер Ігар Ляшэнка, не паведамляецца. З іншага боку былы кіраўнік «Беллеспаперапрам» Юрый Назараў працаваў у зусім іншай галіне.

«Гэтае кадравае рашэнне сведчыць пра разгубленасць кіраўніцтва краіны, пра слабую кадравую забяспечанасць, а таксама спробу ізноў вярнуць сабе статус нафтавага эмірату. А агулам – неадэкватнасць ацэнкі той сітуацыі, як дзейнічаць з Крамлём і што рабіць з нацыянальнай эканомікай. Лукашэнка дэманструе, што ён не здольны да мадэрнізацыі і не можа крытычна паглядзець на тое, што было зроблена за апошнія 25 гадоў і той новы этап не ідзе», – пракаментаваў «Белсату» кадравыя рашэння кіраўніка Беларусі Яраслаў Раманчук.

Віцэ-прэмʼер Юрый Назараў, кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергяенка.
Фота: Nikolai Petrov / TASS / Forum

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка загадаў Юрыю Назараву ў хуткі тэрмін распачаць працу і забяспечыць гэты ўчастак. Але простым загадам справу не магчыма вырашыць, мяркуе Яраслаў Раманчук.

«Лукашэнка думае, што справа не ў прынцыповых памылках і хібах яго палітыкі, але ў людзях, таму вось і адбываюцца такія змены. Але выканаўцы проста пешкі. Ад іх нічога не залежыць і яны не могуць змяніць сітуацыю. Гэта дэманстрацыя разгубленасці, але трэба ратаваць краіну. За апошнія 6 месяцаў замест таго, каб прымаць адэкватныя рашэнні, мы зачыніліся ў дзяржпрамаўскім садочку і думаем, што ад змены нейкага там вахцёра нешта раптам зменіцца», – дадаў Яраслаў Раманчук.

Абноўлена
Новы віцэ-прэм’ер, экс-кіраўнік «Беллеспаперапраму», будзе курыраваць нафтахімію
2020.03.03 10:20

СК belsat.eu

Стужка навінаў