Пуцін прапанаваў не браць падаткі з фрылансераў


Расейскі прэзідэнт дапусціў магчымасць вызвалення самазанятых грамадзянаў ад выпалаты падаткаў на два гады.

Самазанятымі грамадзянамі зʼяўляюцца фрылансеры, рэпетытары, сядзелкі, краўцы, майстры па рамонце бытавой тэхнікі, дробныя будаўнічыя брыгады і г.д.

«Людзі проста вымушаныя заставацца ў цені, каб не сутыкацца з бюракратыяй, з паборамі, пастаяннымі праверкамі, ды і з нагрузкамі, можа быць, залішнімі для гэтага віду дзейнасці. Лічу, што самазанятым грамадзянам трэба прапанаваць зразумелы і зручны інструмент узаемадзеяння з дзяржавай. Каб яны маглі спакойна, »у белую«, весці і развіваць сваю справу. Зарабляць сумленна дзякуючы сваёй працы і здольнасцям », – заявіў Пуцін.

У лютым прапановы зрабіць двухгадовыя падаткавыя вакацыі для самазанятых расейцаў агучваў прэмʼер Расеі Дзмітрый Мядзведзеў.

Глядзіце таксама >>> Сезонны і святочны бізнес: як легальна гандляваць лішкамі з уласнага гароду ды падарункамі?

Тады ж быў ужыты і тэрмін «самазанятасць».

«Важна пазбегнуць злоўжыванняў, а таксама мінімізаваць рызыкі, звязаныя з дэфармацыяй рынку працы», – гаварыла тады памочнік расейскага міністра эканамічнага развіцця Елена Лашкіна.

Чыноўніца дадала, што рэгістраваць грамадзянаў, якія самастойна працуюць у розных сферах, у якасці індывідуальных прадпрымальнікаў не плануецца, цяпер яны будуць лічыцца «самазанятымі».

Паводле розных ацэнак у Расеі працуюць каля 15-25 млн самазанятых працаўнікоў.

НМ, belsat.eu, паводле Lenta.ru

Стужка навінаў